У Беларусі ўстанавілі новыя памеры мінімальных спажывецкіх бюджэтаў
Такое рашэнне прынятае пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны №5.
Мінімальны спажывецкі бюджэт на аднаго члена сям'і з чатырох чалавек з 1 лютага па 30 красавіка 2014 года ў разліку на месяц складае 1 млн 780 тысяч 680 рублёў, паведамляе БЕЛТА. Гэта на 7,3% перавышае нарматыў, які дзейнічае з 1 лістапада 2013 года па 31 студзеня 2014 года.
Па словах спецыялістаў, асноўныя выдаткі бюджэту сям'і з чатырох чалавек у цэнах снежня 2013 года наступныя: прадукты харчавання — 53,2%, адзенне, бялізна, абутак — 21,3%, жыллёва-камунальныя паслугі — 5,7%, бытавыя паслугі , транспарт, сувязь — 6,6%, мэбля, прадметы культурна-бытавога і гаспадарчага прызначэння — 7,8%, прадметы санітарыі ды гігіены, лекі — 2,1%, культурна-асветныя мерапрыемствы і адпачынак — 1,6%, узносы і плацяжы — 1,7%.
Сярэднедушавы мінімальны спажывецкі бюджэт маладой сям'і з трох чалавек складае 1 млн 900 тысяч 470 рублёў, працаздольнага насельніцтва — 2 млн 289 тысяч 690 рублёў, пенсіянераў — 1 млн 788 тысяч 880 рублёў, студэнтаў — 1 млн 776 тысяч 580 рублёў.
Для дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў МСБ складае 1 млн 400 тысяч 350 рублёў, дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў — 1 млн 707 тысяч 640 рублёў, дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў — 1 млн 968 тысяч 230 рублёў.