У Беларусі прачнуліся кляшчы. Як засцерагчыся?
Кляшчы пераносяць інфекцыйныя захворванні, таму лепш бы з імі не сутыкацца. / pixabay.com
Кожны год адное і тое ж: стомленыя доўгай і шэрай зімой мы чакаем цяпла, сонца і вясны, і кожны раз маліну псуюць кляшчы. Якія таксама чакалі прыдатнага моманту, каб выпаўзці на паляванне.
На Брэстчыне актыўнасць кляшчоў назіралася ўжо ў канцы студзеня. Але то былі адзінкавыя выпадкі. Цяпер, калі зіма адступіла, яны актывізаваліся па ўсёй краіне.
Напрыканцы лютага спецыялісты абласных цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі знаходзілі іх амаль па ўсёй кране. У Гродне на прысядзібным участку клешч укусіў чалавека, у Мінскай вобласці прысмактаўся да сабакі.
Само па сабе гэта не навіна: зімы ў Беларусі скараціліся і сталі цяплей, асабліва на поўдні. Жыццёвы цыкл кляшчоў павялічыўся, таму яны пачынаюць паляваць раней і актыўна размнажаюцца.
Небяспека гэтых маленькіх членістаногіх у тым, што яны пераносяць сур’ёзныя захворванні. Самыя распаўсюджаныя – Лайм-барэліёз і клешчавы энцэфаліт. А таксама іншыя інфекцыі. Даволі часта адзін клешч можа несці на сабе некалькі хвароб.
Як засцерагчыся?
Ужо даўно разбіты міф аб тым, што кляшчы жывуць у лесе і падаюць на галаву. Сустрэць іх можна нават у горадзе. Гэтыя маленькія пачвары могуць нас чакаць у парку, на зялёнай паласе паміж тратуарам і дарогай, і на клумбе пад пад'ездам.
Кляшчы жывуць, што называецца, у карчах. Калі вы бачыце занядбаныя насаджэнні — высокую траву ўздоўж сцежак, кустоўе, месцы былой высечкі або маліннікі, сухастой — з вялікай доляй верагоднасці тут вас і напаткае клешч.
За горадам тая ж справа: кляшчы чапляюцца, калі чалавек або жывёла ідуць па высокай траве, лясной падсцілцы. Іх можна нават прынесці дамой з букетам кветак, травамі або хатнімі жывёламі.
Адсюль вынікаюць дзве высновы. Па-першае, варта даглядаць зялёныя ўчасткі, то бок пазбавіць кляшчоў месца рассялення хоць бы паблізу чалавека. Па старых звычаях у нас з карчамі змагаліся выпальваннем, але эколагі даўно пагадзіліся, што гэта нясе больш шкоды прыродзе і людзям, чым карысці. Але калі нельга паліць сухую траву, гэта не значыць, што яе не трэба выкошваць і трымаць у парадку.
Па-другое, трэба пазбягаць тэрыторыі кляшчоў, або, прынамсі, не заходзіць на яе ў неадпаведнай вопратцы. Адзенне павінна поўнасцю закрываць цела. Красоўкі і голыя шчыкалаткі — дакладна не найлепшы варыянт. Варта карыстацца рэпелентамі і абавязкова аглядаць сябе пасля прагулкі.
Ад энцэфаліта можна зрабіць прышчэпку
Пачатак сакавіка — самы ўдалы момант для вакцынацыі ад гэтага захворвання, якое пераносяць кляшчы. Абавязковую прышчэпку робяць працаўнікам лясной гаспадаркі, супрацоўнікам запаведнікаў. Усе астатнія могуць паставіць сабе вакцыну платна. Трэба звярнуцца ў сваю паліклініку да ўчастковага тэрапеўта або ў гарадскі цэнтр эпідэміялогіі да інфекцыяніста.
А “Экамедсэрвіс”, калі інфармацыя на сайце актуальная, піша, што вакцыны ад энцэфаліта ў наяўнасці няма. Таму мае сэнс пацікавіцца ў сваёй паліклініцы, ці праводзяць яны прафілактыку клешчавога энцэфаліта.
Страхоўка ад укуса кляшча
Ад укуса кляшча ў Беларусі можна застрахавацца! Вядома ж, гэта не абазначае, што кляшчы будуць абыходзіць прывілеяваных асоб са страхоўкай. Але яна пакрые выдаткі на кансультацыі з урачамі і даследванні, а ў выпадку захворвання клешчавой інфекцыяй можна будзе атрымаць кампенсацыю за лячэнне.
Такія страхоўкі прапаноўваюць “Беларусбанк”, “Белнафтастрах”, “Промтрансінвест” і іншыя кампаніі. Застрахаваць можна ўсю сям’ю.
Як абараніць жывёл?
Гаспадарам сабак і катоў, якія ходзяць па двары, важна не грэбаваць прафілактыкай. Хатнім жывёлам даюць акарыцыдныя прэпараты — таблеткі або каплі.
Напрыклад, карыстаецца папулярнасцю тая ж “Бравекта”, якая на нейкі час знікала з продажу ў Беларусі праз перабоі з пастаўкамі, і гэта вельмі непакоіла сабачнікаў. Цяпер яе можна набыць у ветэрынарных аптэках, хоць кошты і кусаюцца: за 1 таблетку на сярэдняга памеру жывёлу давядзецца аддаць 115-160 рублёў.
Прэпараты можна камбінаваць з антыклешчавымі ашыйнікамі. Для жывёл гэта бяспечна, а эфект захоўваецца ад некалькіх месяцаў да паўгода.
Але ўсё адно пасля кожнай прагулкі не зашкодзіць праверыць, ці не прычапіўся да гадаванца клешч.