У Беларусі пасажыр зможа не плаціць за таксі пры адсутнасці чэка

У Беларусі пасажыр зможа не плаціць за таксі пры адсутнасці чэка. Гэта прадугледжана адным з артыкулаў закона "Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках", які ў чацвер дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў першым чытанні. Яго прадстаўляў міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак. Паводле яго слоў, законам прадугледжваюцца значныя змены ў галіне перавозак пасажыраў на таксі.
Міністр адзначыў, што закон мусіць дапамагчы сфармаваць празрыстую сістэму арганізацыі аўтаперавозак у Беларусі. Яна мусіць быць заснаваная на "эфектыўным узаемадзеянні суб'ектаў гаспадарання і ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў".
Сярод новаўвядзенняў ёсць патрабаванне да адпраўшчыка груза забяспечыць аўтаперавозчыку належна аформленыя дакументы. Калі ж дакументы на груз акажуцца няпоўныя, адказнасць несці будзе адпраўшчык.