У Беларусі пачнуць выпускаць Cadillac Escalade і Chevrolet Tahoe
Гэтыя аўтамабілі прэміум-класа плануюць збіраць для расійскага рынка на заводзе “Юнісон”.
Амерыканская кампанія General Motors і беларускае ЗАТ "Юнісон" ужо падпісалі пагадненне аб зборцы аўтамабіляў Cadillac Escalade і Chevrolet Tahoe, паведамляе прэс-служба GM.
"На заводзе "Юнісон" ўстаноўлена сучасная вытворчая лінія для зборкі мадэляў Cadillac, а персанал падрыхтаваны і навучаны ў адпаведнасці з прынцыпамі арганізацыі вытворчасці і кантролю якасці, прынятымі на ўсіх заводах GM", — паведамляецца ў прэс-рэлізе амерыканскай кампаніі.
Плануецца, што ў Беларусі будуць выпускаць чацвёртае пакаленне Cadillac Escalade адразу ў дзвюх мадыфікацыях, у звычайнай версіі і ў версіі з павялічанай колавай базай. Кошт звычайнага Cadillac Escalade беларускай зборкі складзе каля 76 тысяч долараў. Кошт аўтамабіля з павялічанай колавай базай — каля 80 тысяч. Мінімальны кошт Chevrolet Tahoe складзе 60 тысяч долараў.
Нагадаем, што Беларусь у верасні мінулага года дамовілася з GM аб стварэнні зборачнай вытворчасці легкавых аўтамабіляў магутнасцю 20-25 тысяч машын у год.
Завод "Юнісон" размешчаны пад Мінскам. Ён быў заснаваны ў 1996 годзе як беларуска-брытанскае сумеснае прадпрыемства Ford Union. У 2000 годзе пераўтвораны ў СП ЗАТ "Юнісон". Прадпрыемства займаецца зборкай шэрагу аўтамабільных марак, такіх як Ford, KIA, Samand, Zotye, Peugeot, Citroen.