У Беларусі даражэюць хлеб і гарэлка
З чацвярга, 29 жніўня, у сярэднім на 10% павялічваюцца гранічныя максімальныя адпускныя цэны па асобных групах хлеба і хлебабулачных вырабаў.
Пастановай Міністэрства эканомікі ўстаноўлены гранічныя максімальныя адпускныя цэны на хлеб жытні і жытна-пшанічны, булачныя вырабы з пшанічнай мукі з утрыманнем па рэцэптуры цукру і тлушчаў у суме не вышэй за 14%.
Зроблена гэта "з улікам прапановаў" Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Адзначаецца, што гаворка ідзе пра хлеб і булачныя вырабы, якія называюцца сацыяльнымі, інфармуе БЕЛТА.
З 29 жніўня павышаюцца гранічныя мінімальныя цэны на алкагольную прадукцыю мацункам звыш 28%. Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства эканомікі.
Паведамляецца, што гранічная мінімальная адпускная цана на алкаголь мацункам 40% за 0,5 л павялічана на 11,1% да 30 тысяч рублёў. У Міністэрстве эканомікі патлумачылі, што дадзенае рашэнне прынята "ў сувязі з ростам закупных коштаў на збожжа ўраджаю 2013 для вытворчасці спірту на 7-10%".
Пры гэтым гранічны мінімальны раздробны кошт (з ПДВ) і гранічная адпускная цана на імпартны алкаголь мацункам 40% застаюцца без зменаў.
Фота — sb.by