У Баранавічах супрацоўнікі ДАІ паўгадзіны ганяліся за п'яным кіроўцам

Пагоню па вуліцах Баранавічаў за парушальнікам зладзілі ўвечары 16 сакавіка інспектары ДАІ. Як піша "Intex-press", аўтамабіль "Опель Астра" прыцягнуў увагу даішнікаў тым, што пры павароце направа кіроўца не ўключыў паваротнік.
Інспектар даў кіроўцу сігнал спыніцца. Мужчына прытармазіў, а калі даішнік падыходзіў да аўтамабіля, кіроўца рэзка газануў і з'ехаў. Пагоня за ім ішла па вуліцах Тэльмана і Цыялкоўскага. На шчасце аварыяў пры пагоні ніхто не справакаваў.
Праз паўгадзіны інспектары дагналі ўцекача на тэрыторыі адной з установаў горада. Мужчына кінуў машыну і спрабаваў уцячы пешшу, але не здолеў.
Начальнік аддзела па агітацыі і прапагандзе УДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама Наталля Сахарчук кажа, што ад кіроўцы адчуваўся пах алкаголю. Аднак ад медагляду мужчына адмовіўся, што прыраўноўваецца да кіравання транспартам у нецвярозым стане.
На кіроўцу склалі адразу шэсць адміністрацыйных пратаколаў. Парушальніку 31 год, ён рабочы на адным з прадпрыемстваў горада.