У Аргенціне выратавалі маладую беларуску, якую партнёр год трымаў пад замком

Беларуска Аляксандра

Беларуска Аляксандра / NG Federal

У Аргенціне выратавалі 24-гадовую беларуску, якую цэлы год трымаў пад замком яе партнёр. 22-гадовага выкрадальніка арыштавалі і абвінавацілі ў гендарным гвалце.

З сваім партнёрам дзяўчына пазнаёмілася падчас працы ў Польшчы: ён быў яе начальнікам. Працоўныя адносіны перараслі ў рамантычныя, піша lavanguardia.com. Аляксандра зацяжарыла, і пара паехала ў Беларусь, каб там нарадзіць дзіця. На пачатку 2024-га мужчына пачаў планаваць паездку ў Аргенціну, каб паказаць немаўля сваёй сям'і. Квіткі аплаціў яго бацька, і ў сакавіку таго ж года маладыя людзі прыляцелі ў Аргенціну.

Пасля гэтага больш за год жанчына была зачыненай ў доме і зазнавала гвалт, расказалі суседзі. Адзін з іх, які падаў скаргу, расказаў, што некалькі дзён перад вызваленнем бачыў, як маладая беларуска плакала на заднім двары дома.

Сама Аляксандра расказала журналістам пра адносіны так: "Спачатку гэта былі дробныя сваркі, але калі мы прыехалі ў Аргенціну, ён пачаў праяўляць агрэсію. Раней такога не было. Калі я прыехала, ён забраў мой тэлефон. Ён сказаў, што гэта для прагляду тэлеперадач, але потым не дазволіў мне пагаварыць з мамай ці сябрамі". Дзяўчына кажа, што засталася цалкам без сувязі і не магла нікому затэлефанаваць.

"Кожны раз, калі хтосьці прыходзіў да яго ў госці, ён хаваў яе ў пакоі. Ён біў яе, здзекаваўся з яе і не выпускаў. Яна баялася ўцячы, бо нічога не ведала; у яе былі праблемы з жыллём і мовай. Яна была цалкам ізаляваная", — паведамілі праваахоўнікі журналістам.

22-гадовага мужчыну арыштавалі і абвінавацілі ў незаконным пазбаўленні волі і гендаэрным гвалце.

Аляксандру з дачкой плануюць вярнуць у Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.