У АГіМ патлумачылі, навошта патрэбны дазвол на выезд у іншую краіну на ПМЖ
Пашпарт / БЕЛТА
Атрымліваць дазвол у органах унутраных спраў на выезд за мяжу для пастаяннага пражывання неабавязкова. Якіх-небудзь санкцый за ігнараванне гэтай працэдуры не прадугледжана, піша "Наша Ніва". Чытач рэсурсу патэлефанаваў у адзін з мінскіх аддзелаў грамадзянства і міграцыі з пытаннем, каму і для чаго трэба атрымліваць гэты дазвол.
Супрацоўніца міграцыйнай службы патлумачыла, што атрымліваць такі дазвол мае сэнс, калі грамадзянін Беларусі захоча аформіць у іншай краіне дазвол на пастаяннае пражыванне (ПМЖ). Такі штамп у пашпарце пацвердзіць, што на радзіме ў заяўніка не засталося даўгоў. Акрамя таго, спрашчаецца рашэнні і шэрагу пытанняў, звязаных з маёмасцю. У прыватнасці, танней абыдзецца перасячэнне мяжы на набытым у іншай краіне аўтамабілі. Калі штампа-дазволу ў пашпарце не будзе, то падатак пры ўездзе ў Беларусь, са слоў супрацоўніцы АГіМ, будзе "вар'яцка вялікім".
"Некаторыя грамадзяне толькі дзеля гэтага афармляюць дазвол на ПМЖ. У такім выпадку яны становяцца нерэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь і падатак плацяць мінімальны — не такі, як рэзідэнты", — прыводзіць яе словы чытач.
Юрыст праваабарончага цэнтру "Вясна" Павал Сапелка раней у камэнтары "Радыё Свабода" таксама адзначыў, што нічога нечаканага ў пастанове ўраду, якая зацвярджае парадак афармленьня выезду, няма. Падобныя нормы былі ў законе і раней. Ён падкрэсліў, што "гаворкі пра нейкія дазволы не ідзе, гэты працэс тычыцца менавіта афармлення дакументаў — перш за ўсё пашпарта, у які ўносяцца адпаведныя адзнакі". Пастанова ўрада была апублікаваная на гэтым тыдні. Яно прапісвае парадак афармлення выезду для пастаяннага пражывання за межамі Беларусі.