У 44 гады памерла журналістка Святлана Малышка
Святлана Малышка / ganc-chas.by
У 44 гады раптоўна памерла журналістка Святлана Малышка. Яна была карэспандэнткай незалежнага інтэрнэт-выдання "Ганцавіцкі час". У Малышка засталося двое непаўналетніх дзяцей ва ўзросце 9 і 11 гадоў.
У "Ганцавіцкім часе" Святлана Малышка працавала 20 гадоў. "Наўрад ці знойдзецца чалавек, якога Святлана пакрыўдзіла, не лічачы, можа, незадаволенасці нейкіх бакоў, калі пісала праўду і называла аб’ектыўныя факты, — піша рэдакцыя. — Сотні яе артыкулаў на сацыяльныя тэмы выйшлі ў друк на працягу двух дзясяцігоддзяў. За кожным ёсць гісторыя супольнасці людзей ці асобных герояў".
Некаторыя публікацыі выклікалі незадавальненне мясцовай улады. Аднойчы да журналісткі прыходзіла міліцыя, яе выклікалі на "размову".