У 100 мінскіх школах плануюць увесці электронныя карты навучэнцаў
Сёлета ў больш за 100 мінскіх школах плануюць увесці электронныя карты навучэнцаў. Пра гэта БЕЛТА паведаміла першы намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марыя Кіндырэнка. На сённяшні дзень іх выкарыстоўваюць толькі ў 15 сталічных установах адукацыі (7 сярэдніх школах і 8 гімназіях). У 2016-2017 гадах электронныя карты навучэнцаў павінны з'явіцца ва ўсіх мінскіх школах і гімназіях.
Адзначаецца, што карта сумяшчае ў сабе дзве функцыі — банкаўскай плацёжнай карткі і ўніверсальнага электроннага дакумента. Яна ўзаемадзейнічае з кантрольна-прапускной сістэмай школ і гімназій: у іх усталяваныя электронныя замкі, і пасля пачатку вучэбных заняткаў дзверы зачыняюцца, староннім людзям у будынак можна зайсці толькі з дазволу аховы. Паколькі дзеці пры ўваходзе і выхадзе са школы адзначаюцца, адміністрацыя навучальнай установы мае інфармацыю пра месцазнаходжанне навучэнцаў.
Сёлета працягнецца развіццё карткі навучэнца. Яна мусіць стаць карткай-пропускам, карткай-чытацкім білетам, карткай-праязным дакументам (сёння ў гарадскім транспарце яна выкарыстоўваецца толькі як пасведчанне асобы), карткай-плацёжным сродкам. Таму прадугледжваецца ўдасканаленне і развіццё матэрыяльна-тэхнічнай інфраструктуры ўстановаў адукацыі.