Тры паразы і адна нічыя. Мінскае "Дынама" зарабіла 960 тысяч еўра ў еўракубках

Пры гэтым каманда не мела ніводнай перамогі

Пры гэтым каманда не мела ніводнай перамогі / "Динамо-Минск"

Дзейны чэмпіён Беларусі — мінскае "Дынама" — атрымае ад УЕФА за ўдзел у еўракубках у гэтым сезоне 960 000 еўра. Нагадаем, што мінчане 31 ліпеня вылецелі з усіх клубных турніраў Еўропы.

"Дынама" атрымае 175 000 еўра прызавых за ўдзел у першым кваліфікацыйным раўндзе Лігі чэмпіёнаў.

175 000 еўра за ўдзел у другім кваліфікацыйным раўндзе Лігі канферэнцый і 350 000 еўра пасля вылету ў ім.

Таксама клуб мае атрымаць выплату ў памеры 260 000 еўра — як чэмпіён, які не прайшоў кваліфікацыю ў групавы этап еўракубкаў.

Нагадаем, што сёлета каманда ў Еўропе мела тры паразы і адну нічыйную сустрэчу. Гэта найгоршы паказчык сярод беларускіх клубаў. "Дынама" прынесла найменш балаў Беларусі ў клубны рэйтынг УЕФА.

Пасля паразы 9 ліпеня ў першым раўндзе Лігі чэмпіёнаў у матчы з "Лудагорцам" мінскае "Дынама" устанавіла новы беларускі клубны антырэкард у еўракубках — сем паразаў запар у выязных матчах у Еўропе.

З-за няўдалага старту ў еўракубках галоўны трэнер каманды Вадзім Скрыпчанка быў адпраўлены ў адпачынак.

Колькі зарабілі астатнія

"Тарпеда-БелАЗ" за ўдзел у другім раўндзе Лігі канферэнцый зарабіла 700 000 еўра.

"Нёман" за выхад у трэці раўнд Лігі канферэнцый атрымае мінімум 1,075 мільёна еўра ў якасці прызавых.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.