Трэнер хакейнага "Шахцёра" падчас матча біў падлетка, гэта трапіла на відэа
Падчас таварыскага матча паміж камандамі 2008 года нараджэння хакейных клубаў "Хімік" і "Шахцёр" адбыўся скандальны эпізод. На відэатрансляцыі гульні бачна, як адзін з трэнераў салігорскага "Шахцёра" б'е хлопчыка з каманды.
Сама гульня прайшла 9 жніўня . Яе трансляцыя была захаваная на YouTube-канале "Дзіцячы хакей Беларусі", але зранку 11 жніўня відэа ўжо выдалілі.
Галоўным трэнерам групы 2008 года нараджэння ў "Шахцёры" з'яўляецца Арцём Гаранін.
Увечары 10 жніўня клуб выклаў афіцыйную заяву, у якой паведаміў, што "праводзіцца службовая праверка і ўсебаковая ацэнка дзеянняў дзіцячага трэнера". Па выніках праверкі ў "Шахцёры" абяцаюць прыняць адпаведныя меры.
Федэрацыя хакея Беларусі таксама выступіла з афіцыйнай заявай. У ёй гаворыцца, што праверкай інцыдэнта займаецца Дысцыплінарны камітэт ФХБ. У Салігорск адправілася намесніца старшыні ФХБ Святлана Марчанка, якая курыруе дзіцячы хакей.
ФХБ пагражае ўжыць "адпаведныя дысцыплінарныя меры" да людзей, "чыя дзейнасць парушае прынятыя прынцыпы развіцця дзіцячага спорту".