Трамп заявіў аб перамір’і паміж Тайландам і Камбоджай, але баі працягваюцца

Дональд Трамп жэстыкулюе падчас цырымоніі падпісання ініцыятывы ў галіне штучнага інтэлекту ў Авальным кабінеце Белага дома, чацвер, 11 снежня 2025 года, Вашынгтон

Дональд Трамп жэстыкулюе падчас цырымоніі падпісання ініцыятывы ў галіне штучнага інтэлекту ў Авальным кабінеце Белага дома, чацвер, 11 снежня 2025 года, Вашынгтон / Alex Brandon / AP

Па словах прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, лідары дзвюх краін пагадзіліся аднавіць перамір’е, дасягнутае пры пасярэдніцтве ЗША ў канцы кастрычніка. Аб гэтым ён напісаў у сваёй сацсетцы Truth Social пасля тэлефонных размоў з прэм’ер-міністрам Тайланда Анутінам Чарнвіракулам і прэм’ер-міністрам Камбоджы Хун Манетам. Трамп сцвярджае, што бакі пагадзіліся спыніць стральбу ўжо ўвечары і вярнуцца да раней падпісанага мірнага пагаднення пры садзейнічанні прэм’ер-міністра Малайзіі Анвара Ібрагiма

Аднак тайскія ўлады паставілі гэтыя заявы пад сумнеў. У МЗС Тайланда паведамілі, што афіцыйнага пагаднення аб спыненні агню дасягнута не было, а ў Міністэрстве абароны пацвердзілі, што сутыкненні працягваюцца. Камбаджыйскі бок, у сваю чаргу, заявіў пра працяглыя ўдары з боку Тайланда, хаця гэтыя даныя не ўдалося незалежна пацвердзіць.

Прычынай новай эскалацыі стаў інцыдэнт з прыдарожнай мінай на мяжы, у выніку якога загінулі тайскія вайскоўцы. Трамп назваў выбух няшчасным выпадкам, аднак Бангкок катэгарычна адхіліў гэтую версію, заявіўшы пра наўмысную атаку. Прэм’ер-міністр Тайланда падкрэсліў, што краіна працягне ваенныя дзеянні да таго часу, пакуль Камбоджа, па яго словах, не перастане пагражаць суверэнітэту і бяспецы тайскай тэрыторыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.