Траіх чалавек будуць судзіць за "парушэнне заканадаўства аб выбарах"

Суд, ілюстрацыйнае фота / Генпракуратура
У Мінску пачынаюцца адміністрацыйныя суды ўжо не за 2020 год, а за цяперашнія "выбары".
28 студзеня ў судзе Ленінскага раёна Мінска будуць разглядаць тры справы паводле арт. 10.9 КаАП (парушэнне заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян). Гэты артыкул прадугледжвае штраф памерам да 15 базавых велічыняў (на сёння гэта складае 630 рублёў).
Суддзя Марына Клімчук разгледзіць справы Сяргея Дулевіча, Сяргея Шчэмера і Наталлі Захаравай-Прангішвілі, паведамляюць праваабаронцы "Вясны".
Раней у ЦВК заяўлялі, што падчас "выбараў" былі зафіксаваныя адміністрацыйныя правапарушэнні — фатаграфаванне запоўненых бюлетэняў, а таксама 600 бюлетэняў былі вынесеныя з участкаў. Пры гэтым прыхільнікі Лукашэнкі не проста фатаграфавалі бюлетэні, але і выкладалі фота з імі ў сацсеткі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.