Топ-10 кніжных навінак 2024 года ад беларускіх выдавецтваў паводле Еўрарадыё

Гэты год быў плённым для беларускіх выдавецтваў

Гэты год быў плённым для беларускіх выдавецтваў / Еўрарадыё

Гэты год выдаўся ўраджайным на кнігі. Мы сабралі для вас самыя гучныя навінкі кнігавыдаўцоў: пра Беларусь, па-беларуску, для беларусаў. Хапіла б толькі часу гэта ўсё прачытаць!

Кнігалюбы ведаюць, што некаторымі выданнямі трэба проста валодаць — каб ганарліва паказваць гасцям і перадаваць нашчадкам. Такія кнігі мы таксама згадалі.

Вось топ-10 кніжных навінак 2024 года ад беларускіх выдавецтваў паводле версіі Еўрарадыё.

“Сказаць жыццю “так”, Віктар Франкль

Беларуская літаратура ў 2024-м папоўнілася перакладамі сусветных бэстсэлераў, але гэты — найважнейшы. Ён выйшаў у выдавецтве “Тэхналогія”. Гэта знакамітая кніга псіхолага, які прайшоў праз нацысцкі канцлагер, — чытво, актуальнае ва ўсе часы і ў розных жыццёвых сітуацыях. Як пераадолець нягоды, якія, здаецца, немагчыма перажыць — і не страціць сэнс жыцця? Кніга, якую варта перачытываць або проста мець дома як напамін пра тое, што жыццё працягваецца.

Топ-10 кніжных навінак 2024 года ад беларускіх выдавецтваў паводле Еўрарадыё
Сусветны бэстсэлер, актуальны ва ўсе часы / knihauka.com

“Мое баба — діректор морга”, Голя з Ополя

Беларуска Вольга, што жыве цяпер у Новай Зеландыі, напісала кніжку пра бабулю і свае ўспаміны пра родную вёску Опаль на Палессі, у Іванаўскім раёне. І сама ж яе і выдала. 

На дзвюх мовах. Англійскай — каб хаця б паспрабаваць патлумачыць замежнікам, адкуль яна і што такое Палессе, і на сваёй, бабінай, паляшуцкай мове. 

Кранальная гісторыя, якую мог бы напісаць кожны з нас, прасякнутая любоўю, іроніяй і адказамі на тое, чаму мы — вось такія, якія ёсць.

Топ-10 кніжных навінак 2024 года ад беларускіх выдавецтваў паводле Еўрарадыё
Кніга на палешуцкай мове пра традыцыі, якія палеская баба ведае лепш за ўсіх / Еўрарадыё

“Валадар пярсцёнкаў”, Дж. Р. Р. Толкін

Нарэшце ўсе тры кнігі сусветнай класікі выдадзеныя па-беларуску. Варта пачытаць або перачытаць нават дзеля таго, каб уявіць сабе ўвесь гэты фэнтезійны шматгранны сусвет па-беларуску. 

Топ-10 кніжных навінак 2024 года ад беларускіх выдавецтваў паводле Еўрарадыё
Усе тры кнігі выдадзеныя па-беларуску / knihauka.com

“Огромная тень дождевого червя”, Павел Валатовіч, Аляксей Кавалёў

Цудоўнае калекцыйнае выданне: біяграфія гурта “Нейра Дзюбель”, расказаная непасрэднымі сведкамі падзей, пра якія ідзе гаворка. Увесь шлях ад аматараў да культавага рок-гурта праілюстраваны рэдкімі фотаздымкамі, якіх ніхто яшчэ не бачыў. Захапляльнае чытво пра музыкальную з’яву, якая стала часткай сучаснай гісторыі Беларусі.

Топ-10 кніжных навінак 2024 года ад беларускіх выдавецтваў паводле Еўрарадыё
Біяграфія "Нейра Дзюбеля" — скарб, які варта перадаць нашчадкам / knihauka.com

#IMBYТом 1, Павел Валатовіч

Найноўшая гісторыя Беларусі праз уласныя ўспаміны аўтара. У кароткім энцыклапедычным фармаце пералічаныя галоўныя падзеі, якім цяперашнія 30+-гадовыя былі сведкамі. 

Артыкулы ў газетах, спартыўныя матчы, канцэрты, мітынгі, грошы, улёткі… Можна бясконца гартаць, успамінаць, пераказваць моладзі ці іншаземцам — і збіраць з уласных пазлаў-успамінаў і тых, што ў кнізе, свой адказ на пытанне, што такое Беларусь.

Топ-10 кніжных навінак 2024 года ад беларускіх выдавецтваў паводле Еўрарадыё
Найноўшая гісторыя Беларусі праз уласныя ўспаміны аўтара / Еўрарадыё

“Соня, стой”Саша Гук

Якасны беларускі young adult — не такая ўжо і распаўсюджаная з’ява ў беларускай літаратуры. Гісторыя пра падлетка, ад асобы падлетка, пра ягоныя перажыванні, праблемы… 

Сяброўства, каханне, боль — і сутыкненне ўнутранага свету з тым, што адбываецца навокал. Хто-небудзь калі-небудзь увогуле пытаў у сваіх дзяцей, як яны перажылі 2020-ы? 

Ну вось, можна пачытаць. Або падарыць кнігу сваім падлеткам і даць ім магчымасць адрэфлексаваць.

Топ-10 кніжных навінак 2024 года ад беларускіх выдавецтваў паводле Еўрарадыё
Кніга, якая адлюстроўвае навакольны свет вачамі падлетка / gutenbergpublisher.eu

“Капітан Лятучая Рыба”, Альгерд Бахарэвіч 

Сучасны класік выступіў з лёгкім захапляльным прыгодніцкім раманам, які прыдасца як падлеткам, так і дарослым — як піша сам аўтар, да 140 гадоў. 

Гэта кніга, якая ўпісвае Беларусь у сусветную геаграфію. Шмат падарожжаў, смачнай ежы і аповедаў пра Беларусь. З ілюстрацыямі Лявона Вольскага — ну проста знаходка, а не кніга!

Топ-10 кніжных навінак 2024 года ад беларускіх выдавецтваў паводле Еўрарадыё
Кніга для падлеткаў ад сучаснага класіка / knihauka.com

Самы цымус”, Алесь Белы

Кніга адначасова і пра беларускую, і пра габрэйскую кухню, напісаная гісторыкам. Крупнік і дранікі, бабка і зуброўка — чые гэта стравы і ў чым іх сакрэты? Нешта сярэдняе паміж кулінарнай кнігай і захапляльным гістарычным нон-фікшнам — дакладна варта мець дома.

Топ-10 кніжных навінак 2024 года ад беларускіх выдавецтваў паводле Еўрарадыё
Кулінарна-гістарычная кніга / gutenbergpublisher.eu

“Ці помніш ты”Міхал Анемпадыстаў

“Стыль 1990-х для беларускага кола быў зададзены Міхалам Анемпадыставым”, — так піша пра мастака ў анатацыі да кнігі выдавецтва “Логвінаў”. Шматгранны, апантаны Беларуссю чалавек, ён пайшоў з жыцця ў 2018 годзе, але калі чытаеш яго вершы сёння, падаецца, што ён расказвае пра падзеі і адчуванні нашага дня. Гэты зборнік вершаў прымеркаваны да 60-годдзя славутага беларуса.

Топ-10 кніжных навінак 2024 года ад беларускіх выдавецтваў паводле Еўрарадыё
Мудрыя паэтычныя думкі сапраўднага талента беларускай зямлі / lohvinau.by

“Эвридика, проверь, выключила ли ты газ”, Таццяна Заміроўская

Беларуская журналістка і музычны крытык Таццяна Заміроўская нарэшце дала сабе права і волю падзяліцца дзённікавымі запісамі, успамінамі, назіраннямі пра тую Беларусь, якую яна перажывала. І дома, і ў эміграцыі ў Нью-Ёрку. 

Кніга вельмі музыкальная, у нейкім сэнсе нават інтымная — пра страты і знаходкі, пра тое, у чым сабе складана прызнацца, і пра вечны пошук сябе-беларуса і Беларусі ў гэтым свеце. Глыбокі і шчыры прыклад беларускага аўтафікшну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.