Пераможцамі прэміі Аляхновіча сталі тры ананімныя аўтары
Бібліятэка, фота ілюстрацыйнае / unsplash
Тры ананімныя аўтары і аўтаркі сталі пераможцамі прэміі імя Францішака Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зняволеньні ці на тэму зняволення.
Сёлета пераможцамі сталі:
Пётр Уманскі (псэўданім) за кнігу "РАЗ ДВА ТРЫ ЧАТЫРЫ ДВА"
Дзіяна Маеўская (псэўданім) за твор "Казка пра замак"
Галена Савіцкая (псэўданім) за твор "Па кальцавой дазволеныя 120".
Прэмію заснавалі ў 2013 годзе Беларускі ПЭН і Радыё Свабода. Яна носіць імя пісьменьніка і публіцыста, які сам прайшоў праз савецкія лягеры і апісаў свой вопыт у кнізе "У капцюрох ГПУ".
"Упершыню кнігу Аляхновіча "У капцюрах ГПУ" выдалі на польскай мове і толькі ў 1937 годзе – на беларускай. Герой твора – даверлівы беларус, які вярнуўся на Радзіму з-за мяжы, паверыўшы савецкай прапагандзе, з наіўным спадзяваннем, што здзейсніць свае мары пра беларускі тэатр. Але замест гэтага ён трапляе ў лагер, дзе зазнае катаванні. Сёння ў лукашэнкаўскай Беларусі таксам працуюць "камісіі па вяртанні", зазываючы беларусаў вяртацца на Радзіму. Хто паверыў – часта паўтарае лёс героя Аляхновіча…" — кажа старшыня беларускага ПЭН Таццяна Нядбай.
Тэматыка твораў, што могуць прэтэндаваць на прэмію, не абмежаваная. На разгляд прымаюцца дакументальныя і мастацкія творы на беларускай і рускай мовах, як апублікаваныя, так і ў выглядзе рукапісу.