Тэлеграм заблакаваў найбуйнейшы чат беларусаў Беластока

Тэлеграм, ілюстрацыйнае фота

Тэлеграм, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Тэлеграм заблакаваў чат "Беласток / Белосток / Białystok" — найбуйнейшую анлайн-супольнасць беларусаў і ўкраінцаў Беластока.

У каментары выданню MOST адміністратары сказалі, што чат быў заблакаваны ў выніку мэтанакіраванай атакі з акаўнта, зарэгістраванага на расійскі нумар. Зламыснік размясціў у чаце нелегальны кантэнт, пасля чаго пачала дзейнічаць служба мадэрацыі сацсеткі.

Паводле папярэдняй інфармацыі, гэта быў кантэнт "для дарослых". Мадэратары чата аператыўна заблакавалі парушальніка, а кантэнт выдалілі цягам паўгадзіны. Аднак нехта паспеў зрабіць скрыншот паведамлення і паскардзіцца ў адміністрацыю сацсеткі.

Таксама адміністратары чата заўважылі, што да яго сталі масава далучацца акаўнты, прывязаныя да расійскіх нумароў.

Адміністратары звярнуліся ў службу падтрымкі платформы і чакаюць, што яго праца адновіцца бліжэйшым часам. Да блакавання ў чаце было 7418 падпісчыкаў.

Чат "Беласток" быў створаны ў 2020 годзе і спярша аб'ядноўваў беларусаў, якія пакінулі радзіму пасля пратэстаў і рэпрэсій. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне да яго далучыліся і ўкраінскія ўцекачы, якія пераехалі ў Падляшскае ваяводства.

Тэлеграм заблакаваў найбуйнейшы чат беларусаў Беластока
Так выглядае чат беларусаў Беластока пасля блакавання

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.