Таксіст, які страляў у ДАІшніка, атрымаў 13,5 гадоў зняволення

Абвінавачаны — 53-гадовы жыхар Мінска, ураджэнец Расіі. Раніцай 14 кастрычніка мінулага года ў міліцыю паступіла паведамленне, што на вуліцы Кальцова аўтамашынай-таксі "Форд" збіты пешаход. Вадзіцель з месца здарэння ўцёк.



Паводле інфармацыі відавочцаў, аднаму з супрацоўнікаў ДАІ ўдалося адшукаць таксі, у якім знаходзіўся п'яны кіроўца. Міліцыянер адчыніў дзверы, назваўся, папрасіў пакінуць машыну і паказаць дакументы. У адказ убачыў настаўлены на яго пісталет. Завязалася барацьба, і тут прагучаў стрэл, куля праляцела каля галавы ДАІшніка. Яму на дапамогу кінуўся прахожы. Адбыўся яшчэ адзін стрэл, пасля гэтага вадзіцель быў абяззброены.



Віну ў захоўванні зброі мужчына прызнаў поўнасцю, у замаху на супрацоўніка міліцыі — часткова. Казаў, што пісталет — баявы браўнінг калібру 9 мм — знайшоў каля бака са смеццем, хацеў здаць у органы ўнутраных спраў, але не знайшоў часу. Калі ўбачыў супрацоўніка ДАІ, вырашыў аддаць зброю яму, а той яго... няправільна зразумеў, паведамляе БелаПАН.
 

Фота — Fotolia