Такер Карлсан анансаваў інтэрв'ю з Уладзімірам Зяленскім
Такер Карлсан / ТАСС
Амерыканскі журналіст Такер Карлсан заявіў, што дамовіўся аб інтэрв'ю з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. "Мы спрабавалі гэта зрабіць ужо два гады, асабліва інтэнсіўна пасля лютаўскага інтэрв'ю Пуціна. Справа ў тым, каб данесці да амерыканцаў такую неабходную інфармацыю аб канфлікце, якая поўнасцю мяняе становішча іх краіны ў свеце", — напісаў Такер у сацсетцы Х.
У офісе Уладзіміра Зяленскага абверглі інфармацыю аб магчымым інтэрв'ю. "Спадару Такеру Карлсану варта больш уважліва правяраць свае крыніцы ў ФСБ. У прэзідэнта Украіны зусім іншы графік, і Такера Карлсана там няма", — адзначыў у Facebook спікер Зяленскага Сяргей Нікіфараў.
У лютым Такер прылятаў у Маскву і запісаў вялікае інтэрв'ю з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Расiйскі прэзідэнт тады сярод іншага выклаў сваю версію гісторыі, якая, на думку Пуціна, апраўдвае расійскую агрэсію ва Украіне. У той "гістарычнай даведцы" ён узгадаў пра ВКЛ, якое "называлі Літоўска-Рускім". Пра беларусаў пры гэтым Пуцін не згадаў, як і пра тое, каго называлі "рускімі" ў тыя часы. Затое Пуцін заявіў Карлсану, што ўкраінцаў прыдумалі палякі, а таксама перадаў амерыканцу копіі нейкіх лістоў Багдана Хмяльніцкага: "Каб вы не падумалі, што я нешта прыдумляю". Пры гэтым расійскі прэзідэнт на тры стагоддзі памыліўся, калі казаў пра Люблінскую унію. Тое інтэрв'ю Пуціна Такеру разышлося на мемы.