Сын збіў маці да смерці пасля сваркі з-за стрыжкі

Як піша "Комсомольская правда", трагедыя адбылася яшчэ ў лютым. 51-гадовы мужчына пасля разводу стаў жыць са сваёй маці ў вёсцы Асабовічы Пінскага раёна. Ён працаваў пастухом у мясцовым сельгаспрадпрыемстве.



Аднойчы мужчына прыйшоў дадому нападпітку, і яму не спадабалася, што яго 76-гадовая  маці зрабіла кароткую стрыжку. Ён ударыў жанчыну ў твар.



Потым маці стала сароміць сына, што той выпівае. Раззлаваўшыся, мужчына пачаў біць яе кулаком у твар і па целе. Ён зламаў маці пяць рэбраў злева і тры справа. Ад атрыманых удараў у жанчыны пачаліся шматлікія ўнутраныя крывацёкі і поўны разрыў ныркі. Агулам на целе ў пенсіянеркі выявілі каля 30 цялесных пашкоджанняў.



Жанчына не змагла перажыць траўматычны шок і памерла на месцы. Па словах спецыялістаў, шанцаў выжыць у яе не было нават, калі б ёй тут жа аказалі медыцынскую дапамогу.



Міліцыянтам мужчына заявіў, што маці сама ўдарылася аб вушак і ёй стала дрэнна. На судзе сваю віну ён прызнаў толькі часткова — казаў, што стукнуў маці толькі тры разы.



Фота — svit24.net