Сын былога галоўнага ідэолага Беларусі асуджаны на 5,5 гадоў зняволення

17 красавіка ў судзе Заводскага раёна Мінска быў абвешчаны прысуд па справе аб незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці ў складзе злачыннай групоўкі (7 чалавек) з атрыманнем даходаў у асабліва буйным памеры. Сярод яе ўдзельнікаў — Дзяніс Замяталін, сын былога галоўнага ідэолага нашай краіны Уладзіміра Замяталіна. Менавіта гэта і прыцягнула ўвагу СМІ да працэсу.

Як інфармуе БелаПАН, паводле звестак следства, Дзяніс Замяталін быў адным з арганізатараў злачыннай групоўкі, якая ў 2008-2010 гадах займалася незаконнымі фінансавымі аперацыямі. Абарот ілжэпрадпрымальніцкіх структур перавысіў 100 млрд рублёў. Ніхто з абвінавачаных сваю віну не прызнаў, яны заявілі, што доказы былі сфальсіфікаваныя следствам.

Замяталін асуджаны на 5,5 гадоў зняволення з адбыццём пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Такое ж пакаранне атрымаў яшчэ адзін абвінавачаны, іншыя — ад 2 да 3,5 гадоў пазбаўлення волі.

Суд задаволіў грамадзянскі пазоў да абвінавачаных на суму 81,3 млрд рублёў.

Фота: Fotolia