Сярод пацярпелых ад расійскага ракетнага ўдару па Харкаве — пяцёра дзяцей

Наступствы атакі па Харкаве

Наступствы атакі па Харкаве / ДСНС Украіны

Раніцай 18 красавіка расійскія войскі нанеслі ракетныя ўдары па Харкаве. У выніку атакі загінуў адзін чалавек, больш за 60 чалавек атрымалі раненні.

Пра гэта паведамляе hromadske.ua са спасылкай на гарадскога галаву Ігара Церахава і кіраўніка Харкаўскай вобласці Алега Сінягубава.

Паводле папярэдніх звестак, расіяне атакавалі горад трыма балістычнымі ракетамі "Іскандэр-М" з касетнымі суббоепрыпасамі. Удар прыпаў на жылы шматпавярховік.

У выніку абстрэлу былі пашкоджаныя больш за 20 шматкватэрных дамоў і больш за 30 прыватных дамоў. Сярод пацярпелых таксама ёсць прынамсі пяцёра дзяцей.

Таксама былі атакаваныя Сумы. Там тры ўдарныя дроны "шахед" атакавалі кандытарскі цэх, дзе выраблялі паскі да Вялікадня. Пры гэтым загінуў прадпрымальнік, які прыехаў па прадукцыю, а работніца цэха была параненая.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.