Сябар сям'і ў масцы спрабаваў абрабаваць віцебскага пенсіянера
Каб яго не пазналі, мужчына апрануў маску з прарэзамі для вачэй.
У Віцебску 7 сакавіка адбылося крымінальнае здарэнне. У міліцыю затэлефанаваў 63-гадовы пенсіянер і паведаміў, што ў яго кватэру спрабаваў уварвацца невядомы мужчына, узброены абрэзам стрэльбы. Аднак гаспадар кватэры аказаў супраціў, таму нападнік уцёк.
Па словах пенсіянера, рабаўнік быў апрануты ў маску для вачэй, таму ён не разгледзеў твар. Аднак ён добра запомніў, у што быў апрануты зламыснік, яго рост і целасклад, паведамляе БелаПАН.
Неўзабаве міліцыянты затрымалі падазраванага па гарачых слядах. Пры асабістым доглядзе ў мужчыны знайшлі шапачка з прарэзамі для вачэй, а таксама абрэз паляўнічай стрэльбы.
Выявілася, што 36-гадовы падазраваны быў сябрам сям'і пацярпелага і калегам яго зяця. Нападнік ведаў, што пенсіянер трымае дома нейкія назапашаныя грошы. Каб гаспадар кватэры не пазнаў яго, нападнік не толькі схаваў твар, але і спрабаваў змяніць голас.
Цяпер падазраваны дае прызнальныя паказанні і супрацоўнічае са следствам. Мужчына раней не меў судзімасцяў. Па яго словах, на злачынства яго штурхнула жаданне атрымаць лёгкія грошы.
Фота — podrobnosti.mk.ua