Сведка здарэння: Міліцыянер ўдарыў сабаку, бо жывёла заступілася за гаспадара

Сведка здарэння: Міліцыянер ўдарыў сабаку, бо жывёла заступілася за гаспадара

Беларускі міліцыянер у чарговы раз трапіў у скандальную сітуацыю. Здарылася гэта пасля публікацыі відэа, на якім бачна, што супрацоўнік МУС робіць мужчыне падножку і б’е сабаку.

У тым самым пераходзе ёсць крама “Белсаюздрук”, касы метрапалітэна і грамадская прыбіральня. Акурат супрацоўніца апошняй апісвае Еўрарадыё мужчыну, які трапіў у скандальную гісторыю.

“Ён сярэдняга ўзросту, але не стары. Выглядае не як бомж. Вось калі б вы не памыліся нейкі час, то былі б такім ж. Сама дала яму тры з лішкам тысячы: гэта вашаму сабачку. Хоць мужчына і грошай не прасіў. Сядзеў, як ёг, сабака быў на каленях, махнаты, дагледжаны”, — апісвае супрацоўніца прыбіральні. Непасрэднага моманту здарэння яна не бачыла.

Адзін з мясцовых жыхароў запэўнівае Еўрарадыё, што мужчына рэдка бывае ў пераходзе на “Пятроўшчыне” і скіроўвае Еўрарадыё на станцыю метро “Плошча Якуба Коласа”: “Вось там я яго і сабаку некалькі разоў бачыў”.

“Гэты бомж — цікавы мужык”

 

На Якуба Коласа працуе гандлярка латарэйнымі білетамі спадарыня Ніна. З тым самым мужчынам з сабачкам яна знаёмая асабіста, апошні раз бачыла іх два тыдні таму.

“Ён ходзіць з палкай. Да пенсіі яму яшчэ шмат. Сядзеў тут у пераходзе побач з аптэкай. Я падышла з ім проста пагутарыць: што вас прымусіла сюды прыйсці? Ён расказаў, што сядзеў у турме, што не мае жылля. Але ад яго не смярдзіць, як ад бамжа. Ён кажа, што ездзіць у Шабаны і купаецца ў сваякоў сваёй бамжыхі. Размаўлялі мы дружалюбна, без канфлікту”, — апавядае спадарыня Ніна.

Даведацца больш пра мужчыну яна не змагла, два тыдні таму ён з пераходу знік. Дарэчы, ніхто ў пераходзе не ведае яго імені.

“Бомж гэты — цікавы мужык. У мяне пра яго вельмі добрае меркаванне, прэтэнзій няма. Сказаў, што жыве па электрычках. Сядаюць на апошнюю, едуць то на Оршу, то ў іншы бок. Сабачка таксама мілы, прыгожы, дабрадушны. Ні разу тут нават не забрахаў. Калі б мужчына гэты не сказаў, што сядзеў у турме, я б нават і не падумала. Вельмі культурна са мной размаўляў, называў маці. “Ездзім, маць, па электрычках, — казаў. — Бо жыллё некалі аднялі”. І я б нават не падумала, што ён п’е”, — заканчвае апісанне спадарыня Ніна.

“Міліцыянер быў вымушаны ўжыць сілавы прыём”

 

Мінская міліцыя публікуе “дасье” на мужчыну, паведамляе, што ў яго шэсць судзімасцяў. Што тычыцца інцыдэнту, паводле іх версіі, на грамадзяніна скардзіліся людзі, а ён не жадаў пакідаць пераход нават пасля прафілактычнай гутаркі, спаў там п’яны. Міліцыянер падышоў яго пабудзіць, папрасіў сысці, але мужчына пачаў ўпінацца і правакаваць.

“Спыняючы супрацьпраўныя дзеянні, міліцыянер быў вымушаны прымяніць сілавы прыём, пры гэтым прытрымліваючы мужчыну за плячо, каб пазбегнуць атрымання ім траўмаў”, — тлумачыць ГУУС Мінгарвыканкама.

Пра ўдар па сабачку — ні слова. А гэта бачна на відэазапісе, які не пабаялася зрабіць студэнтка медуніверсітэта Аліса Нгуэн.

“Першае, што мы пачулі, як скуліць сабака. Таму што яго ўдарылі. Павярнуліся, а там міліцыянер нешта даказвае мужчыне-бамжу. Але потым ён пачаў мужчыну падымаць, зрабіў яму падножку. Такога, каб сабака кусаўся, не было. Ён абараняў гаспадара, а міліцыянер яго зноў ударыў”, — узгадвае Аліса.

На відэазапісе складана зразумець, што тлумачыць супрацоўнік МУС незадаволеным грамадзянам.

"Міліцыянер сказаў, што мужчына не можа тут знаходзіцца. А жанчына яму: “Ён не заходзіць у метрапалітэн чаму вы так паступаеце?”" — удакладняе Аліса.

Накіроўваемся да пакою міліцыі на станцыі “Пятроўшчына”. Таго самага міліцыянера на службе няма, Еўрарадыё раяць звяртацца да начальства. Высвятляецца, што адзін з ахоўнікаў метрапалітэна дзяжурыў у дзень інцыдэнту, 28 красавіка.

“Мы наверсе не былі і не бачылі. Але па расказах, супрацоўнік хадзіў яго тры разы папярэджваў. Калі ён пайшоў да яго ў чацвёрты раз, то пачала брахаць сабака… Сам ён малады нармальны хлопец, ніколі не заўважалі, каб ён да кагосьці груба ставіўся”, — дзеліцца сціплай інфармацыяй ахоўнік.

Тым часам у ГУУС Мінгарвыканкама працягваецца службовая праверка.