Супрацоўнікі парыжскіх аэрапортаў 3 чэрвеня будуць страйкаваць

Супрацоўнікі парыжскіх аэрапортаў Арлі ды імя Шарля дэ Голя абвясцілі пра забастоўку 3 чэрвеня. Яна ладзіцца супраць рэформы Працоўнага кодэкса. Гэтай акцыяй работнікі аэрапортаў далучаюцца да агульнанацыянальнага пратэсту, паведамляе французскае радыё RFI. Кіраўніцтва аэрапортаў у сваю чаргу падкрэслівае, што страйк ніякім чынам не адаб’ецца на іх працы.
Апошнімі днямі ў Францыі страйкуюць супрацоўнікі нафтаперапрацоўчай галіны, работнікі атамных электрастанцый. Да іх далучыліся і чыгуначнікі, і супрацоўнікі парыжскага метро. У сувязі з гэтым назіраюцца перабоі ў працы транспарту.
Існуе імавернасць, што пратэстны рух прыпадзе і на дні чэмпіянату Еўропы па футболе, які пройдзе ў Францыі з 10 чэрвеня па 10 ліпеня.
Прадстаўнікі прафсаюзаў называюць прычынай такіх масавых акцыяў тое, што ўрад наогул ніяк не рэагуе на патрабаванні працоўных.
Рэформа, якую праводзяць улады, прадугледжвае павелічэнне працоўнага тыдня з 35 да 46 гадзін. У працадаўцаў з’явіцца больш падстаў паніжаць заробкі і спрашчаць працэдуру звальнення.