Супрацоўнікі дарожна-будаўнічага трэста скралі 200 тон асфальту
Прысабечаныя матэрыялы яны спісалі як выкарыстаныя на будаўніцтва дзяржаўных дарог.
Упраўленне Следчага камітэту па Мінскай вобласці завяршыла расследаванне крымінальнай справы аб раскраданні асфальтабетонных сумесяў трыма супрацоўнікамі дарожна-будаўнічай арганізацыі Мінскага раёна.
Абвінавачаныя цягам мінулага года арганізоўвалі і выконвалі працы па ўкладцы асфальту фізічным асобам. За гэтыя паслугі яны атрымлівалі грошы. Скрадзеныя асфальтабетонныя сумесі яны спісалі як выкарыстаныя для будаўніцтва дзяржаўных аўтадарог. Усяго яны накралі каля 200 тон матэрыялаў і нанеслі матэрыяльную шкоду на суму каля 200 мільёнаў рублёў. Гэтую суму фігуранты справы ўжо выплацілі ў поўным аб’ёме. На маёмасць абвінавачаных наклалі арышт на суму ў 500 мільёнаў рублёў.
Дзеянні супрацоўнікаў дарожна-будаўнічай арганізацыі расцанілі як раскраданне шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненае паўторна, у асабліва буйным памеры.
Здзяйсненню злачынства паспрыяла недастатковая пільнасць кіраўніцтва арганізацыі, а таксама нядбайнае стаўленне да дакументацыі, якая адлюстроўвае выкананую працу і ўлік выкарыстаных матэрыялаў, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
Фота: sk.gov.by