Супрацоўнікаў "Гродна Азота" правяраюць на паліграфе, каб звольніць нелаяльных

Паліграф, ілюстрацыйнае фота / artas/iStock
На "Гродна Азоце" супрацоўнікаў правяраюць на паліграфе, каб выявіць нелаяльных да ўлады.
Паліграф даводзіцца праходзіць як пры ўладкаванні на працу (прынамсі на адказныя пасады, простых рабочых на паліграф звычайна не адпраўляюць), так і пры працягу дамовы. У каментары "Нашай Ніве" супрацоўнікі прадпрыемства заявілі, што гэта павялічвае кадравы голад на прадпрыемстве.
Найперш праз паліграф праходзяць супрацоўнікі з ліку "нядобранадзейных", калі трэба працягваць працоўны кантракт. Таксама могуць выклікаць тых, каго палічаць падазроным праз нейкія дзеянні або выказванні на працы. Пасля праверкі на паліграфе работнікам нярэдка не працягваюць кантракт.
У выніку на заводзе фіксуецца прастой абсталявання — ім не могуць карыстацца, бо няма адпаведных спецыялістаў: старых пазвальнялі, а новыя не праходзяць праз палітычныя патрабаванні.
Між тым на "Гродна Азоце" разам з філіялам "Хімвалакно" адкрыта 216 вакансій на 720 працоўных месцаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.