Суд загадаў магілёўскім аўтобусам хадзіць паводле графіку
Аляксандр Хамратаў дабіўся пакарання дырэктара аўтобуснага парка за спазненне аўтобусаў.
Аднак вярнуць сабе 10 тысяч рублёў, якія ён патраціў на праезд на маршрутцы, у яго не атрымалася.
Тым не менш суд Кастрычніцкага раёна Магілёва вынес прыватнае вызначэнне на адрас дырэктара “Магілёўаблаўтатранса” за парушэнне графіка руху аўтобусаў. Таксама суд указаў кіраўніку транспартнікаў не дапускаць у будучыні падобных парушэнняў.
Як інфармавала Еўрарадыё, магілёвец падаў у суд на “Магілёўаблаўтатранс” за зрыў графіка руху аўтобуса №24. 10 і 11 чэрвеня аўтобусы так і не з’явіліся на прыпынак “Вуліца Каштанавая” ў адпаведнасці з вызначаным часам.
Хлопец падаў заяву ў суд, бо перакананы, што гэты выпадак парушае яго правы і свабоды, а таксама прымушае карыстацца больш дарагім транспартам — маршрутнай таксоўкай.
Фота — ctv.by