Суд па згвалтаванні і забойстве 19-гадовай мінчанкі будзе закрытым

Мінскі абласны суд прызначыў да слухання крымінальную справу за згвалтаванне і жорсткае забойства 19-гадовай Вікторыі Ясель. Як паведаміла кіраўніца прэс-службы Вярхоўнага суда Юлія Ляскова, судовы працэс будзе закрытым. Публічна будзе абвешчаная толькі рэзалютыўная частка прысуду.

Як паведамляла Еўрарадыё, дзяўчына знікла напрыканцы жніўня 2014 года. Яна жыла ў вёсцы Міханавічы пад Мінскам, а працавала ў сталіцы. У адзін з дзён яна выйшла з працы, але не дабралася дадому. Праваахоўнікі хутка западозрылі яе 20-гадовага знаёмца, які ў той дзень апошні яе бачыў і падвозіў на сваім аўтамабілі.

Следства выявіла, што юнак згвалтаваў дзяўчыну і задушыў яе, а цела закапаў у лесе ў Мінскім раёне. Сам хлопец падчас следства адмаўляў віну ў наўмысным забойстве.

Максімальнае пакаранне, якое пагражае за згвалтаванне з забойствам, — смяротная кара.

Фота з сацыяльных сетак