Стрыжак застаецца ў фондзе BYSOL, але не на кіруючых пасадах

Андрэй Стрыжак
Андрэй Стрыжак застанецца ў фондзе BYSOL, хаця і не на кіруючых і не на прадстаўнічых пасадах. Пасля рашэння трое супрацоўнікаў пакінулі каманду фонду.
Унутранае разбіральніцтва праз абвінавачанні ў харасменце выявіла 7 кейсаў у катэгорыі "адпраўка паведамленняў непажаданага характару" (з іх 5 у адносінах да атрымальніц дапамогі ад BYSOL) і 7 кейсаў у катэгорыі выкарыстання службовага становішча (з іх 4 у адносінах да атрымальніц дапамогі BYSOL). Камісія рэкамендавала фонду ўвогуле спыніць супрацоўніцтва са Стрыжаком. Але ён як заснавальнік аспрэчыў гэтае рашэнне.
Прайшло агульнае галасаванне — дзве траціны каманды выказаліся за працяг супрацоўніцтва, калі Стрыжак будзе адхілены ад кіраўнічых і прадстаўнічых функцый і перадасць правы заснавальніка BYSOL.
Дырэктарат прапанаваў пакінуць часовае супрацоўніцтва з ім на тры месяцы. Але Стрыжак на правах заснавальніка арганізацыі аспрэчыў і гэта.
Дырэктарат, які цяпер кіруе фондам, спыніўся на кампраміснай пазіцыі і на павялічаным тэрміне супрацы. З 19 верасня 2025 года да 19 сакавіка 2026 года з Андрэем Стрыжаком уводзіцца часовы фармат супрацоўніцтва. Публічныя заявы менеджара перастаюць лічыцца афіцыйнай пазіцыяй фонду.
Правы заснавальніка трох юрыдычных асобаў BYSOL: літоўскай Labdaros ir paramos fondas BYSOL, польскай BYSOL PL FOUNDATION, амерыканскай BYSOL USA International Foundation — перадаюцца цяперашняму дырэктару фонда Віталіюсу Моцкусу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.