Старшыні Партыі БНФ Рыгору Кастусёву патрэбна тэрміновая аперацыя
Накладзены арышт на маёмасць старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Пра гэта ён паведаміў у лісце з-за кратаў. Арышт накладзены на кватэру ў Шклове, гараж і дом у вёсцы. "Будуць яшчэ арыштоўваць і машыну", — цытуе ліст Кастусёва @navinyonline.
Пад вартай Рыгор Кастусёў знаходзіцца з красавіка 2021-га, яго затрымалі па справе "аб замаху на Аляксандра Лукашэнку". Яшчэ ў жніўні стала вядома, што ў 64-гадовага кіраўніка Партыі БНФ падазрэнне на анкалогію. У лісце ён піша, што з 14 кастрычніка яго пачалі лячыць: штодня два ўколы і даюць шмат таблетак. "Гавораць, што сітуацыю можа выправіць толькі аперацыя, — піша Кастусёў. — Прычым тэрміновая".
З ліста вынікае, што лячэнне пачалося пасля чарговага абследавання, якое паказала пагаршэнне сітуацыі. Што да следства па крымінальнай справе, то асноўныя следчыя дзеянні былі завершаныя яшчэ летам.