"КДБ адкормліваў мяне за кошт іншых вязняў" — экс-палітвязень Зянковіч

Юрась Зянковіч у зняволенні / "Беларусь 1"
Былы палітзняволены Юрась Зянковіч апошнія месяцы перад вызваленнем правёў у "амерыканцы" — унутранай турме КДБ. Пра гэта ён расказаў у першым інтэрв'ю на волі. Яго публікуе "Наша Ніва".
Як паведамлялася раней, цяпер экс-палітвязень праходзіць у ЗША праграму рэабілітацыі, каб аднавіцца пасля зняволення. Зянковіч быў асуджаны па абвінавачанні ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту і замаху на Лукашэнку. Яму прысудзілі 11 гадоў зняволення, пасля двух судоў тэрмін павялічыўся да 13,5 года.
У інтэрв'ю Зянковіч паведаміў, што дзяржпераварот нібыта збіраўся рабіць афіцэр генштаба падпалкоўнік Іван Жураўскі — сілавік, якога заслалі да "змоўшчыкаў" і які быў асноўным сведкам па іх справе. Жураўскі і прапанаваў Зянковічу падрыхтаваць план трансфармацыі краіны і пераходу да дэмакратыі. "Менавіта стварэнне гэтага плана было пастаўлена ў віну мне, Аляксандру Фядуту і Рыгору Кастусёву. Дэталі гэтага плана я апублікую пазней. За сам ваенны пераварот адказваў Жураўскі — гэта была ягоная ідэя, а мы ў вайсковыя планы не ўмешваліся. Мы ж не ідыёты — мы разумелі, што ў вайсковых пытаннях ніхто з нас не разбіраецца", — падзяліўся падрабязнасцямі экс-палітвязень.
Зянковіча арыштавалі ўвесну 2021 года ў Маскве. Мужчына кажа, што ляцеў туды для сустрэчы з Жураўскім, а таксама для сустрэчы ва ўсерасійскім Фондзе міру, бо ўдзельнічаў у кансультацыях грамадзянскіх супольнасцяў Расіі і Украіны па пошуку міру на Данбасе. Ён быў упэўнены, што ў расіі яго не затрымаюць, бо меў гарантыі ад расійскіх партнёраў, якія дзейнічалі па ўпаўнаважанні прэс-сакратаркі МЗС Расіі Марыі Захаравай. "Тое, што Пуцін у той час ужо планаваў вайну, мне нават у кашмарным сне не магло прыйсці ў галаву. А аказалася, што мір яму ўжо не быў патрэбны, як і людзі, якія спрабавалі той мір шукаць", — канстатуе ён.
На судзе Зянковіч цалкам прызнаў віну. Яго "падзельнік" Фядута прызнаў віну часткова, а Кастусёў не прызнаў увогуле: "А атрымалі мы ўсе аднолькава. То бок прызнанне-непрызнанне ўвогуле ні на што не ўплывала".
Перад вызваленнем Зянковіча некалькі месяцаў трымалі ў "амерыканцы" — унутранай турме КДБ. Мужчына прызнаецца, што яго рыхтавалі да вызвалення: "Сёлета з 3 студзеня да 30 красавіка я знаходзіўся ў "амерыканцы", камера №4. Іншая справа, што мае суседзі па камеры ўсе атрымлівалі вельмі добрыя перадачы. КДБ адкормліваў мяне (гэта лёгка чыталася ўсімі) за кошт іншых вязняў".
У зняволенні Зянковіч не меў ніводнага тэлефанавання, першы і апошні ліст па пошце атрымаў у жніўні 2021 года. А з 2023 года яму перасталі перадаваць перадачы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.