Стала вядома, што адбываецца з палітвязнем Зянковічам, вызваленым па просьбе ЗША

Юрась Зянковіч / АНТ
Былы палітвязень Юрась Зянковіч, нядаўна вызвалены, вярнуўся ў штат Тэхас і праходзіць праграму рэабілітацыі. Пра гэта расказала яго жонка Алена Дзенісавец.
“Урад ЗША мае спецыяльную праграму рэабілітацыі. Яна ўключае медыцынскае абследаванне, псіхалагічную дапамогу, дапамогу з уладкаваннем на працу, падтрымку сям’і і гэтак далей. Усе людзі, каго ўрад ЗША вызваляе з палону, праходзяць яе. І потым іх яшчэ падтрымліваюць некалькі гадоў“, — перадае “Наша Ніва” яе словы.
Жонка кажа, што Зянковіч паспеў ужо прайсці поўны медагляд. Са здароўем у яго ўсё добра, аднак яму патрэбны пэўны час, каб прыйсці ў сябе.
Пра вызваленне Юрася Зянковіча стала вядома пад канец красавіка ад дзяржсакратара ЗША Марка Рубіа. Пасля вызвалення палітвязень выехаў у Літву, адкуль накіраваўся ў Тэхас да жонкі.
Зянковіч мае не толькі беларускае, але і амерыканскае грамадзянства. Яго арыштавалі ўвесну 2021 года ў Маскве за ўдзел у віртуальнай спробе “дзяржаўнага перавароту“. У Беларусі яму прысудзілі 11 гадоў зняволення, пасля двух дадатковых судоў тэрмін павялічылі да 13,5 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.