Палітвязня Зянковіча вызвалілі па просьбе Вашынгтона — прэс-сакратар Лукашэнкі

Юрась Зянковіч (справа) пасля вызвалення / фота з акаўнту Грэты ван Сустэрэн ў Х
Палітвязня Юрася Зянковіча вызвалілі па просьбе з Вашынгтона. Так сказала расійскім медыям Наталля Эйсмант, прэс-сакратар Лукашэнкі.
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа, гаворачы пра вызваленне Зянковіча, назваў яго несправядліва затрыманым грамадзянінам Злучаных Штатаў. Ён паставіў Беларусь у адзін шэраг з Афганістанам, Расіяй і Венесуэлай — краінамі, з якіх дзякуючы дыпламатычным намаганням на высокім узроўні таксама атрымалася вывезці зняволеных амерыканцаў.
Тым часам у сацсетках з'явілася першае фота Зянковіча пасля вызвалення. Здымак быў зроблены ў амбасадзе ЗША ў Літве. Апублікавала яго ў сацсетка Х журналістка Грэта ван Сустэрэн, жонка намесніка спецпасланніка ЗША ва Украіне Джона Коўла. Яна паведаміла, што Коўл быў у Беларусі дзеля вызвалення Зянковіча.
Палітвязня Юрася Зянковіча, асуджанага па абвінавачанні ў змове і падрыхтоўцы дзяржперавароту, вызвалілі 30 красавіка. У Беларусі ён быў асуджаны агулам на 13,5 года, з якіх за кратамі адбыў чатыры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.