Сталі вядомыя імёны тэрарыстаў, якія зладзілі дыверсію на польскай чыгунцы

Дзеянні службаў на чыгуначнай каляіне, дзе адбыўся выбух

Дзеянні службаў на чыгуначнай каляіне, дзе адбыўся выбух / PAP

Польскія журналісты высветлілі імёны тэрарыстаў, якія арганізавалі дыверсію на польскай чыгунцы 16 лістапада. Гэта Яўген Іваноў і Аляксандр Конанаў — украінцы паводле нацыянальнасці, піша Onet.pl.

Паведамляецца, што Яўгену Іванову 41 год, а Аляксандру Конанаву — 39. Паводле звестак Onet.pl, яны выступалі "мазгамі" дыверсійнай аперацыі на польскай чыгунцы. Абодва мужчыны прабылі ў Польшчы толькі некалькі гадзін, пасля чаго выехалі назад у Беларусь. Астатнія задачы выканалі іх памочнікі, якіх ужо затрымалі польскія спецслужбы.

Ва ўкраінскіх СМІ сцвярджаецца, што Іваноў быў завербаваны расійскімі спецслужбамі не пазней за студзень 2024 года. Ён супрацоўнічаў з афіцэрам расійскага ГРУ Юрыем Сізовым, які даручыў яму акцыю сабатажу на львоўскім прадпрыемстве па вырабе дронаў.

У Польшчы абодвух грамадзян Украіны абвінавацілі ў дыверсійных актах тэрарыстычнага характару, здзейсненых па даручэнні РФ. Ім пагражае пажыццёвае зняволенне.

Здарэнне на польскай чыгунцы Варшава-Люблін адбылося зранку ў нядзелю, 16 лістапада. Пашкоджаныя рэйкі былі выяўленыя ў Гарволінскім і Пулаўскім паветах. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.