Стала вядома, колькі плацілі артыстам за выступы на выбарчых участках

Артысты на выбарчым участку / Тэлеграм-канал адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска
На выбарчых участках 26 студзеня адбываліся канцэрты з удзелам артыстаў. Іх выступы афармляліся праз сайт дзяржаўных закупак, заўважыла рэдакцыя сайта "Зеркало".
Так, цэнтр па забеспячэнні дзейнасці ўпраўлення па адукацыі адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска і падведамасных арганізацый апублікаваў заяўку на сайце дзяржзакупак, каб вывучыць цэны ад выканаўцаў. Пазней мае быць апублікаваны яшчэ адзін дакумент — непасрэдна на закупку выступаў гэтых артыстаў з абазначэннем іх ганарараў (як правіла, тыя, што яны паказалі на папярэднім этапе).
У заяўцы пазначаны запыт на выступы саліста Моладзевага тэатра эстрады Дзмітрыя Сяргеева на трох выбарчых участках сталіцы — у гімназіях №34 і №50, а таксама ў школе №180.
Выступы выканаўцы Ірыны Зыль былі запланаваныя ў школах №№95, 180 і 44.
Салістку і актывістку БРСМ Аліну Міхалёнак чакалі на канцэртах на ўчастках у Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў, юрыдычным каледжы БДУ і 95-й школе.
Ансамбль "Берагі" меўся выступіць у школах №44 і №180, а таксама ў 10-й мінскай бібліятэцы.
Усе разам выступы гэтых артыстаў ацанілі ў 6800 рублёў з бюджэту. Какнкрэтны ганарар кожнаму з выканаўцаў невядомы.
Пакуль гэта адзіная такая заяўка, знойдзеная ў адкрытым доступе. не выключана, што некаторыя выканаўцы былі вымушаныя выступаць бясплатна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.