Стала вядома, чаму ў РФ будуць на суткі блакаваць усіх замежных абанентаў

Мабільны тэлефон, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Расія з 6 кастрычніка ўвяла абавязковае 24-гадзіннае блакаванне мабільнага інтэрнэту і СМС для ўсіх абанентаў з-за мяжы, якія рэгіструюцца ў сетках расійскіх аператараў сувязі. Праз суткі блакаванне здымаецца, а яшчэ праз трое сутак уводзіцца ізноў — у выпадку, калі па SIM-картцы няма актыўнасці.
Абмежаванні не закранаюць тэлефанаванні.
Пра новыя правілы паведамляе беларуская кампанія А1. Там кажуць, што іх загадзя не паінфармавалі пра гэтыя змены, просяць прабачэння і заклікаюць усіх сваіх абанентаў, якія накіроўваюцца ці знаходзяцца ў Расіі, па магчымасці выкарыстоўваць Wi-Fi.
Такой мерай у Расіі хочуць абараніцца ад украінскіх дронаў. Сучасныя беспілотнікі могуць выкарыстоўваць модулі сотавай сувязі для карэктавання маршрутаў. Ужо сёння ў расійскіх рэгіёнах, што трапляюць пад удары ўкраінцаў, рэгулярна адключаецца мабільная перадача даных.
Пры гэтым галасавыя званкі звычайна працягваюць працаваць — як і ў выпадку з абавязковым 24-гадзінным блакаваннем SIM-картак з-за мяжы, пра якое стала вядома ў панядзелак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.