Стала вядома, чаму палітзняволенай Паліне Шарэнда-Панасюк не даходзяць перадачы
  Паліна Шарэнда-Панасюк / svaboda.org
Да палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк у Гомельскім СІЗА не даходзяць перадачы ад сваякоў. Прычыну гэтага высветліў яе муж Андрэй пасля сённяшнага візіту адваката да Паліны.
У гутарцы з Радыё "Свабода" Андрэй расказаў, што 1 верасня яго жолнка атрымала вельмі дзіўную прадуктовую перадачу.
"Гэта было 1 верасня. Перадачы пачынаюць прымаць у 8:30, а ўжо ў 9:00 ёй у камеру прынеслі мех яблык. Пазначана прозвішча, якога яна не ведае. Яблыкі пабітыя, нібы сабраныя каля дарогі. Мех стары, з дзяругі, у такім звычайна захоўваюць бульбу. І вага — дакладна 30 кілаграмаў. Якраз столькі, колькі даецца на месяц для перадач ад сваякоў. Ад тых яблык Паліна адмовілася, іх выкінулі ў сметніцу. Але фармальна ў верасні на перадачы яна ўжо не можа разлічваць, бо ліміт вычарпаны", — расказаў падрабязнасці Андрэй Шарэнда. Ён мяркуе, што гэтая перадача — спецыяльная аперацыя, каб пазбавіць Паліну прадуктовых перадач, неабходных ёй пасля працяглай галадоўкі.
На думку Андрэя Шарэнды, гэткім чынам яго жонку спрабуюць псіхалагічна зламаць перад будучым судом: яе будуць судзіць па абвінавачанні ў злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі.
Паліну Шарэнду-Панасюк з Брэста асудзілі ў 2021 годзе на 2 гады зняволення за абразу Лукашэнкі і гвалт супраць міліцыянта. У 2022-м ёй дадалі яшчэ год калоніі, абвінаваціўшы ў непадпарадкаванні адміністрацыі. Сёлета ў красавіку на Паліну зноў пачалі крымінальную справу па тым жа абвінавачанні. Улетку стала вядома, што яна адмовілася ад беларускага грамадзянства на знак пратэсту супраць пераследу.