Спіс ваеннапалонных з "Азоўсталі" публікавацца не будзе

Спіс ваеннапалонных з "Азоўсталі" публікавацца не будзе

Інфармацыя пра колькасць і персанальныя даныя украінцаў-ваеннапалонных з "Азоўсталі" публікавацца не будзе. Яна канфідэнцыйная. Аднак сем'і, якія шукаюць сваіх сваякоў, могуць адпраўляць звароты. Пра гэта заявілі ў Міжнародным Камітэце Чырвонага Крыжа. Прыярытэтам арганізацыі з'яўляецца праверка ўмоў утрымання ваеннапалонных і абыходжання з імі, а таксама прадухіленне знікнення і падтрыманне іх сувязі з сем'ямі, паведамляе УНІАН.

Прадстаўнікі Міжнароднага Камітэта Чырвонага Крыжа маюць доступ да ўкраінскіх ваеннапалонных. Яны падкрэсліваюць, што рэгістрацыя гэтых людзей вельмі важная, паколькі дазваляе ім "адчуваць сябе абароненымі прынамсі ад рызыкі знікнуць бясследна".

Расійскі бок заявіў пра выхад з "Азоўсталі" ўсіх украінскіх абаронцаў 20 траўня. Сцвярджалася, што за некалькі дзён здаліся 2439 чалавек з розных падраздзяленняў (Узброеныя сілы, Нацгвардыя, тэрытарыяльная абарона, паліцыя).

Абарона Марыупаля працягвалася 86 дзён. З пачатку сакавіка ўкраінскія байцы ваявалі ў акружэнні. Яны здаліся толькі пасля таго, як атрымалі дазвол з Кіева. Улады Украіны спадзяюцца, што ім удасца абмяняць абаронцаў "Азоўсталі" на расійскіх ваеннапалонных.

Намеснік кіраўніка МЗС Расіі Андрэй Рудэнка не выключае магчымасць абмеркавання пытання абмену палонных абаронцаў Марыупалю. Гэтая навіна з'явілася адначасова з заявамі "кіраўніцтва" так званай "ДНР", што над "азоўцамі" пройдзе трыбунал. Але ніякай супярэчнасці няма: абмен магчымы і пасля "суду".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.