Спецслужба ABW назвала дэзінфармацыяй лісты беларусам Польшчы ад яе імя

Польскае Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW)

Польскае Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) / ABW

У польскім Агенцтве ўнутранай бяспекі (ABW) назвалі фальшывымі лісты, якія прыходзяць беларусам у гэтай краіне ад імя ABW.

Раней з'яўляліся паведамленні, што беларусы ў Польшчы атрымліваюць лісты з патрабаваннем пакінуць краіну. Падпісаныя гэтыя патрабаванні нібыта намеснікам начальніка Агенцтва ўнутранай бяспекі. Вядома прынамсі пра два такія лісты, якія атрымалі беларусы ў Гданьску і Варшаве. Абодва адрасаты займаюцца камерцыйнай дзейнасцю, таму іх адрасы і грамадзянства можна адшукаць у адкрытым доступе.

У каментары "Белсату" прэс-служба ABW назвала такія паведамленні дэзінфармацыяй. "Ніводзін з выяўленых лістоў не мае прыкметаў афіцыйнага ліста, і, акрамя таго, яны змяшчаюць спасылкі на састарэлыя або неабавязковыя правілы",гаворыцца ў адказе.

Таксама ў польскім ведамстве заявілі: адрасатаў паінфармавалі, што атрыманая імі карэспандэнцыя не паходзіць ад Агенцтва ўнутранай бяспекі. І дадалі, што ў кампетэнцыю ABW не ўваходзіць адпраўка любых лістоў па адміністрацыйных пастановах, якія датычаць замежнікаў.

На думку прэс-службы ABW, рассылка такіх лістоў можа "мець на мэце выклікаць грамадскі неспакой".

Дарэчы, раней падобныя паведамленні прыходзілі беларусам у Літве. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.