Беларускага рэжысёра, які ўдзельнічаў у Берлінале, могуць дэпартаваць з Польшчы

Юрый Сямашка / Yuri Semashko
Кінематаграфіста Юрыя Сямашку могуць змусіць пакінуць Польшчу. Пра гэта рэжысёр распавёў на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Ён атрымаў адмову аб выдачы пастаяннага віду на жыхарства па карце паляка. Прычына наступная — ён падаў нядзейны працоўны дагавор.
“Удзел з фільмам на Берлінале, відаць, не з’яўляецца падставай не працаваць. Тое, што я раней працаваў і плаціў падаткі, не даказвае, што я хачу застацца жыць у Польшчы. Некалькі дзён таму я, нарэшце, знайшоў працу, але вось прыйшоў гэты ліст. У мяне ёсць 30 дзён, каб пакінуць Польшчу. Грошай на паездку па візу і на юрыстаў практычна няма. Паездка ў Беларусь — самы просты, але вельмі рызыкоўны варыянт", — піша Юрый, зазнаючы, што яму патрэбна дапамога.
Рэжысёр кажа, што хоча пракансультавацца ў юрыста — раптоўна адмову яшчэ можна абскардзіць. Таксама яму патрэбны грошы (іх можна пералічыць на яго акаўнт у Buymeacoffee) — для паездкі ў Грузію па афармленні шэнгенскай візы ці на аплату юрыстаў. Не адмовіцца Сямашка і ад парадаў наконт атрымання візы па карце паляка ў Грузіі і дапамогі з часовым жыллём там.
Рэжысёр з Мінска Юрый Сямашка вядомы перш за ўсё як аўтар незалежных праектаў: "Смеццевая галава", "Калі я быў генералам", "Кроў і караоке" і г.д. Яго працы атрымлівалі прызнанне на беларускіх кінафестывалях, а беларуская прэмія кінакрытыкаў "Чырвоны верас" адзначыла яго працу "Смеццевая галава".
"Лебядзіная песня Фёдара Озерава" была створана ў 2023 годзе ў рамках інкубатара мікрабюджэтнага кіно арганізацыі Belarusian Filmmakers Network і падтрыманы на конкурсе Work-in-Progress у Котбусе.
Фільм быў паказаны ў пазаконкурснай праграме сёлетняга Берлінале і атрымаў дыплом ад чытацкага журы газеты Tagesspiegel.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.