Спецдакладчык па Беларусі: Па дарозе ў Беларусь я не ведаў пра затрыманні

Спецдакладчык па Беларусі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Андрэа Рыгоні ў чарговы раз наведвае Беларусь. Гэты яго візіт супаў з хваляй масавых затрыманняў. Што не перашкодзіла сустрэчы спецдакладчыка з кіраўніком нашай краіны.
Еўрарадыё: Ці ведалі вы, едучы ў Беларусь, што ў нас ўжо былі затрыманыя і пакараныя звыш 200 удзельнікаў акцый пратэсту супраць дэкрэта №3 і больш за 20 чалавек, якіх абвінавачваюць у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў? Абмяркоўвалі гэта падчас сустрэчы з кіраўніком Беларусі?
Андрэа Рыгоні: Не, калі я быў у дарозе, то яшчэ не ведаў пра гэта. Але наша пазіцыя адназначная: мы спадзяемся, што заўтрашняя дэманстрацыя пройдзе мірна і што не будзе ніякіх праблем. І каб можна было выказваць мірным чынам сваё стаўленне за ці супраць заканадаўчых мер. І каб усё адбывалася ў межах тых законаў, якія тычыцца дэманстрацый.
Еўрарадыё: Аляксандр Лукашэнка назваў вас палітыкам, які робіць усё магчымае для збліжэння Беларусі і Еўропы. Але ці магчымае гэта збліжэнне тымі ж тэмпамі, што і раней, з улікам апошніх падзей у нашай краіне?
Андрэа Рыгоні: Гэта і ёсць мая задача: пастарацца зблізіць, наноў зблізіць, Беларусь з Саветам Еўропы. Што адначасова азначае ― зблізіць Беларусь з прынцыпамі і стандартамі Савета Еўропы. Мы ведаем, што шлях нам наканаваны доўгі, але гэта не азначае, што мы павінны быць менш рашучымі. Беларусі неабходна больш Савета Еўропы. І цягам апошніх гадоў наш унёсак быў менавіта ў гэтым ― мы давалі Беларусі больш Савета Еўропы. І мы маем намер працягваць у гэтым накірунку. Каб быць больш эфектыўнымі.
Еўрарадыё: Ці атрымалася ў вас з дапамогай вашай італьянскай абаяльнасці пераканаць кіраўніка Беларусі ў неабходнасці ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне?
Андрэа Рыгоні: Я рабіў менавіта гэта! У тым сэнсе, што я пастараўся зрабіць усё магчымае для гэтага. Не, я не быў такім амбіцыйным і не ставіў сабе такой задачы ― пераканаць яго. Але меў на мэце патлумачыць яму пазіцыю Савета Еўропы. Для нас першае права, якое неабходна абараніць ― гэта права на жыццё. Без права на жыццё не будзе абаронцаў астатніх правоў. Бо жыцця не будзе! Адпаведна, мы выказалі наша перакананне ў тым, што смяротнае пакаранне не з’яўляецца эфектыўным стрымліваючым фактарам для скарачэння колькасці асабліва цяжкіх злачынстваў. Гэта статыстычны вопыт усіх еўрапейскіх краін. Існуюць меры, якія паказалі сябе больш эфектыўнымі. Таму мы выказваемся за неабходнасць увядзення мараторыя на выкананне смяротных прысудаў. Каб з дапамогай мараторыя праверыць, наколькі гэтая мера будзе эфектыўнай у вас. Калі колькасць цяжкіх злачынстваў скароціцца альбо павялічыцца, толькі тады можна будзе праверыць, ці мелі мне рацыю. Мы ўпэўненыя, што трэба зрабіць гэты першы крок. Канчатковая ж мэта ― поўная адмена смяротнага пакарання. Бо гэта ж прадугледжваецца і беларускай Канстытуцыяй: смяротнае пакаранне з’яўляецца надзвычайнай і часовай мерай. Так што, мы ўпэўненыя, што мы ідзём правільным шляхам!
Еўрарадыё: Раней ў інтэрв’ю Еўрарадыё вы казалі, што ў пытанні ўзаемаадносінаў Беларусі і Еўропы трэба не азірацца на мінулае, не ўзгадваць былыя памылкі і расчараванні, а глядзець у будучыню. Сёння, калі ў краіне столькі затрыманых і асуджаных, вы можаце паўтарыць гэтыя ж словы?
Андрэа Рыгоні: Я выказваю надзею. Надзею ― менавіта так. Абгрунтаваную надзею. Гэта не ўзятае са столі. Я лічу, што неабходна наблізіць Беларусь да Еўропы і еўрапейскіх каштоўнасцяў. Гэта, у тым ліку, выгадна і вашым уладам. Бо гэта дазволіць наладзіць станоўчыя адносіны з беларускімі грамадзянамі і ў прыватнасці ― з моладдзю. Бо менавіта гэта і азначае “глядзець у будучыню”. Бо калі мы будзем глядзець у мінулае, то гэта няправільны шлях ― трэба глядзець на тое, якія інтарэсы будучыні. Я гэта кажу ў тым ліку і ў інтарэсах моладзі, вашых слухачоў. Трэба ўсіх падштурхоўваць у гэтым накірунку. Бо менавіта гэта дае любой краіне паступова, на паставе сваіх традыцый, культуры і гісторыі, але ― паступова і плаўна расці ў накірунку краіны, якая б усё больш і больш паважала правы чалавека і дэмакратыю, гэта заўжды было маёй лініяй, і я заўжды буду змагацца за дасягненне такіх мэтаў.
Еўрарадыё: Але якая будучыня чакае нашы ўзаемаадносіны ў тым выпадку, калі ў Беларусі з’явяцца новыя палітвязні?
Андрэа Рыгоні: Мы не можам разважаць на падставе “А што, калі? А калі землятрус? Мы павінны рабіць усё магчымае, каб гэтага больш не магло адбывацца. І мы не можам зыходзіць з меркавання, што, маўляў, як толькі мы адсюль з’едзем, то тут будзе ўсё дрэнна. Не, пры дапамозе нашай волі, нашай рашучасці і пры падтрымцы Савета Еўропы можна дамагчыся такога накірунку, які прывядзе нас да павышэння стандартаў і каштоўнасцяў, якія знаходзяцца ў падмурку Еўропы і Савета Еўропы. Але калі я кажу Еўропы, то, адпаведна, і вашай краіны.
Фота Алеся Пілецкага