Снапкоў: Беларусь і РФ гатовыя прыступіць да стварэння адзінага рынку газу
Мікалай Снапкоў у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" / Скрыншот
Беларусь і Расія гатовыя пачынаць стварэнне агульнага рынку газу і для гэтага ўжо падрыхтавалі дарожную карту.
Пра гэта паведаміў першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў у эфіры тэлеканала "Беларусь 1".
Дарожная карта неабходная для таго, каб ў 2022 годзе вызначыць "адназначныя, зразумелыя абодвум бакам прынцыпы і падыходы да функцыянавання аб'яднанага рынку газу", растлумачыў Снапкоў.
Пры гэтым бакі могуць усталяваць формулу разліку цаны на газ, каб у Беларусі захоўвалася "найбольш камфортная цана".
У гэтым годзе цана на газ для Беларусі складае 128,5 долара за 1 тысячу кубаметраў. Ва ўрадзе мяркуюць, што гэтая цана лепшая ў СНД і нават у ЕС.
Усе 28 саюзныя праграмы зараз ўзгодненыя. Першы віцэ-прэм'ер выказаў надзею на тое, што Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы 9 верасня ацэняць, гатовыя карты да падпісання ці не.
Як паведамляла раней "Еўрарадыё", 31 жніўня пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка паведаміў аб тым, што з 28 дарожных карт застаецца няўзгодненай карта па стварэнні адзінага рынку газу. Прычынай гэтага Сямашка назваў розныя падыходы бакоў да механізму ўтварэння цаны на газ.