СК накіраваў у Польшчу дакументы на экстрадыцыю Пуцілы і Пратасевіча

Сцяпан Пуціла і Раман Пратасевіч / Еўрарадыё
Сцяпан Пуціла і Раман Пратасевіч / Еўрарадыё

Следчы Камітэт Беларусі накіраваў у Польшчу дакументы на экстрадыцыю Сцяпана Пуцілы і Рамана Пратасевіча — стваральнікаў ТГ-канала, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім. Абодвум выстаўлены абвінавачанні па трох артыкулах — арганізацыя масавых беспарадкаў (арт.293 КК), арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342 КК), распальваньне варожасці па прафесійнай прыналежнасці (ч.3 арт. 130 КК).

Сілавікі спасылаюцца на дамову аб прававой дапамозе ў крымінальных справах, дакументы накіраваныя праз генпракурора.

"З дадзенай краінай у нас заключаная міжнародная дамова аб прававой дапамозе па крымінальных справах, якая таксама рэгламентуе пытанне аб экстрадыцыі. Паглядзім, наколькі гэта дзяржава будзе выконваць узятыя на сябе міжнародныя абавязальніцтвы аб выдачы асобаў, якія пераследуюцца беларускім Следчым камітэтам у крымінальным парадку", заяўляюць у СК.

Раней Пуціла і Пратасевіч былі ўнесены КДБ у пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці. У кастрычніку Пратасевіч пакінуў ТГ-канал, назву якога нельга прамаўляць услых. 20 кастрычніка сам канал і яго лагатып прызналі ў Беларусі экстрэмісцкімі, а Пуцілу і Пратасевіча аб'явілі ў вышук.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.