Сіноптыкі: У Беларусь на гэтым тыдні вяртаецца летняе надвор'е

У Беларусь на гэтым тыдні вяртаецца летняе надвор'е. Сярэдняя тэмпература паветра будзе вышэйшая за норму на 5-8 градусаў. Пра гэта БЕЛТА паведаміў Дзмітрый Рабаў, начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды. Але трэба пачакаць другой паловы тыдня. Разам са спякотай прагназуюцца дажджы і навальніцы.
Уначы ў аўторак па Гродзенскай і Брэсцкай абласцях пройдуць кароткачасовыя дажджы, удзень ападкі чакаюцца амаль па ўсёй нашай краіне, у асобных раёнах — навальніцы. Уначы тэмпература паветра складзе 6-12 градусаў вышэй за нуль (на Брэстчыне — 13-15), удзень — 15-21 (у Брэсцкай вобласці — да 22-24).
У сераду, 16 верасня, з Міжземнага мора ў Беларусь пачне прыходзіць цёплае паветра. Спачатку гэта адчуюць жыхары Брэсцкай вобласці. У начныя гадзіны ўжо будзе 9-16 градусаў, удзень — 17-23 цяпла, а на Брэстчыне 26. Месцамі прагназуюцца кароткачасовыя дажджы і навальніцы.
Уначы ў чацвер у нашай краіне будзе ўжо 11-18 градусаў вышэй за нуль, удзень — 20-26, на паўднёвым захадзе — да 27-30 цяпла. Месцамі пройдуць дажджы і навальніцы.
У пятніцу, 18 верасня, у начныя гадзіны чакаецца 12-19 градусаў са знакам плюс, у дзённыя — 23-29, а на поўдні — да 28-30. На паўночным захадзе магчымыя кароткачасовыя ападкі.
У выхадныя дні пачнецца паступовае зніжэнне тэмпературы паветра, але цяпло захаваецца. У суботу ў начныя гадзіны чакаецца 11-18 градусаў, у дзённыя — 17-24, на Гомельшчыне — да 25-29. Месцамі пройдуць дажджы і навальніцы (як і на наступны дзень). У нядзелю, 20 верасня, тэмпература паветра ўначы складзе 7-14 цяпла (у Гомельскай вобласці — 15-17), удзень — 15-22 градусаў са знакам плюс (на Гомельшчыне — 23-26).
Фота: ByMedia.net