Сіноптыкі: панядзелкавая навальнічная хмара можа паўтарыцца і сёння

Як піша onliner.by, сярэдні памер градзін складаў 11 мм, хоць былі і большыя экземпляры. Акрамя таго, некаторыя ўчасткі вуліц у Мінску аказаліся падтопленымі. У Рэспубліканскім гідраметэацэнтры кажуць, што сёння магчымае паўтарэнне падзей панядзелка.



Сіноптыкі кажуць, што навальнічная хмара, якая абрынулася на Мінск прыкладна ў 20.30, утварылася ў раёне Слуцка пасля 18-й. У розных частках сталіцы стыхія сябе паводзіла па-рознаму. Напрыклад, у мікрараёне Уручча граду і дажджу не было. А ў іншых раёнах гараджане сур'ёзна пабойваліся за цэласнасць шыбаў.



Вышыня навальнічнай хмары складала 15 кіламетраў, што вельмі шмат. У выніку з неба падалі літаральна кавалкі лёду. Папярэднічаў гэтаму шквалісты вецер сілай 15-19 метраў у секунду. Сёння імавернасць паўтарэння такіх падзеяў вельмі высокая — зноў магчымая залева з градам.



Але ўжо ў найбліжэйшыя дні тэмпература крыху панізіцца ў параўнанні з учорашнімі +25...+32. Найбліжэйшымі днямі чакаецца ад 22 да 27 градусаў цяпла. Умовы для навальнічнай воблачнасці будуць ужо не такімі добрымі. На выходных жа чакаецца да +30...+32.


Фота — auto.onliner.by