Сілавікі затрымалі 11 "таемных пакупнікоў"
Затрыманне "таемных пакупнікоў" / МУС
МУС і Следчы камітэт заявілі пра затрыманне "таемных пакупнікоў". Паводле версіі сілавікоў, яны займаліся вымагальніцтвам.
У МУС паведамілі, што ў затрыманні 11 падазраваных удзельнічалі байцоў антытэрарыстычнага падраздзялення "Алмаз", атрадаў спецпрызначэння ўнутраных войскаў "Беркут" і "Рысь", а таксама АМАПа УУС Мінскай вобласці. Яны затрымалі ўдзельнікаў дзвюх груп, не звязаных паміж сабой. Яны, маўляў, вымагалі грошы ў грамадзян і юрыдычных асоб, гандлёвых аб'ектаў і АЗС у Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай абласцях.
МУС удакладняе, што 37-гадовы і 42-гадовы мінчукі стварылі шэсць ТАА, якія займаліся продажам навучальных семінараў.
Следчы камітэт гаворыць толькі пра 42-гадовага мінчука, які стварыў чатыры таварыствы з абмежаванай адказнасцю. Сам ён быў дырэктарам адной фірмы, у іншых кіравалі яго сваякі і сябры. Статуты кампаній, заяўляюць у СК, былі складзеныя, як пад капірку. Асноўным відам дзейнасці называлася арганізацыя і правядзенне тэматычных асветніцкіх мерапрыемстваў па пытаннях абароны правоў і законных інтарэсаў спажыўцоў на платнай аснове.
Паведамляецца, што фігуранты справы прыходзілі ў крамы, знаходзілі там парушэнні правілаў гандлю (пераважна пратэрмінаваныя тавары) і пагражалі зрабіць запісы ў кнігу заўваг і прапаноў. "У выпадку, калі ў гандлёвым аб'екце знаходзіўся падобны тавар, яны разыгрывалі сапраўдны спектакль. Пагражаючы ўнясеннем адпаведнага запісу ў кнігу скаргаў і прапаноў, паведамленнем аб тавары неналежнай якасці ў санстанцыю, яны літаральна запалохвалі прадаўцоў і загадчыкаў", — дзеліцца падрабязнасцямі Следчы камітэт.
Адміністрацыі крамы прапаноўвалі ў якасці альтэрнатывы падпісаць дамову на правядзенне навучальнага семінара. У СК падкрэсліваюць, што супрацоўнікі кампаній не мелі паўнамоцтваў на правядзенне праверак.
Шкода пакуль ацэненая ў 80 тысяч рублёў.
Па гэтай справе адбыліся ператрусы ў Гродне, Магілёве, Мінску і Мінскай вобласці. Канфіскаваная валюта ў эквіваленце звыш 60 тысяч рублёў, ювелірныя вырабы, гаджэты і аргтэхніка, амаль два дзясяткі банкаўскіх картак, службовая дакументацыя юрыдычных асоб. Таксама следчыя наклалі арышт на аўтамабілі агульным коштам больш за 50 тысяч долараў.