Сілавікі правялі ператрус у гомельскай кватэры праваабаронцы Судаленкі
Леанід Судаленка
Сілавікі правялі ператрус у гомельскай кватэры праваабаронцы і палітэмігранта Леаніда Судаленкі.
"У гэтыя хвіліны ў Гомелі скончыўся ператрус кватэры, дзе жыве мая сям'я. Што шукаюць — не кажуць, нічога не забралі. Стала вядома пра аб'яву мяне ў Беларусі ў вышук", — напісаў Судаленка ў Фэйсбуку.
Ён нагадвае, што яго імя ўнеслі ў "экстрэмісцкі спіс", а гомельскае аддзяленне праваабарончага цэнтра "Вясна", якім ён кіраваў, прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем". На Судаленку пачалі крымінальную справу — нібыта за "садзейнічанне экстрэмісцкай джзейнасці".
Раней ператрус адбыўся ў прыватным доме пад Гомелем, дзе зарэгістраваны Судаленка. На ягоны зямеьны ўчастак наклалі арышт.
У лістападзе 2021 года Судаленку асудзілі на тры гады зняволення за дапамогу рэпрэсаваным. На волю праваабаронца выйшаў 21 ліпеня, цалкам адбыўшы свой тэрмін. Неўзабаве пасля гэтага ён пакінуў Беларусь.