Шунто: Футбалісты “Крумкачоў” ставілі свечкі, але ўсё залежыць ад трэніровак

Калі футбольны клуб "Крумкачы" пачаў прайграваць у чэмпіянаце Беларусі, гульцы наведвалі царкву і ставілі свечкі. Пра гэта яго старшыня праўлення Дзяніс Шунто распавёў у жывым эфіры Еўрарадыё. Ён згадаў, што такі выпадак быў, калі каманда ехала ў Мазыр на матч са "Славіяй". Нікому з футбалістаў не загадвалі ісці ў царкву, пайшлі толькі жадаючыя.
Як вядома, "Крумкачы", дэбютанты вышэйшай лігі, выдатна пачалі сезон і былі сярод лідараў. Аднак летам пачаўся спад і каманда апусцілася на 10-е месца. Днямі сышоў галоўны трэнер Алег Дулуб, якому прапанавалі ачоліць львоўскія "Карпаты". Дзяніс Шунто кажа, што Дулуб у любым разе сышоў бы пасля заканчэння сезона. Аднак яны вырашылі, што гэта можна зрабіць і цяпер, паколькі каманда замацавалася ў сярэдзіне турнірнай табліцы. Паводле слоў Шунто, з сыходам Алега Дулуба "нічога не абрынецца", каманда "застанецца такой, якой была". Напрацовак ужо былога галоўнага трэнера хопіць, каб працаваць далей. "Накасячыць" будзе складана", — адзначыў дырэктар "Крумкачоў".