Шуневіч: Міліцыянт — гэта першы памочнік у любым горы і бядзе

Міністэрства ўнутраных спраў імкнецца развіваць партнёрскія адносіны паміж супрацоўнікамі праваахоўных органаў і звычайнымі грамадзянамі. Пра такую заяву міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча перадае БЕЛТА.
Кіраўнік ведамства адзначыў, што рэцэпт таго, як палепшыць імідж міліцыі, вельмі просты, бо супрацоўнік органаў унутраных спраў — гэта той самы грамадзянін Беларусі. "Толькі партнёрскія адносіны паміж чалавекам у пагонах і звычайным грамадзянінам дазволяць выканаць задачу па паляпшэнні іміджу міліцыі", — выказаў меркаванне Шуневіч.
"Міліцыянт — гэта першы памочнік у любым горы і бядзе. Трэба з гэтага зыходзіць. Мы сёння актыўна прапагандуем блізкасць да народа і партнёрскія адносіны ў галіне аховы правоў грамадзян, абароны іх ад злачынных замахаў", — падкрэсліў міністр.
Напярэдадні пятага Усебеларускага народнага сходу Шуневіч падвёў галоўныя вынікі мінулай пяцігодкі для сістэмы органаў унутраных спраў. Па яго словах, за гэты перыяд міліцыя змагла "забяспечыць больш устойлівае развіццё ўсёй дзяржавы, абарону нашых грамадзян, інтарэсаў дзяржавы ад злачыннасці ў тым аб'ёме і з такой якасцю, якое дазваляе сёння стабільна і дынамічна развівацца, адчуваць стан абароненасці".